Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня толькі ў тым, што праваслаўны кідаў веру бацькоў сваіх і рабіўся каталіком ці вуніятам, а ў тым, што ён прымаў культурны і нацыянальны ўплыў Польшчы, пераставаў быць беларусам. Беларускі шляхціц-каталік, праз нейкі час, рабіўся ўжо польскім шляхціцам і парываў зьвязак з роднай нацыяй. Ен лічыў ужо сябе чалавекам нацыі з вышэйшай культурай і з пагардай глядзеў на мужыка, каторы трымаўся „схізматычнай“ веры. Зьявіліся на Беларусі дзьве веры: адна — каталіцка-вуніяцкая, панская, другая — праваслаўная, мужыцкая. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што вуніяты ня доўга панавалі, бо сама па сабе вунія ня была патрэбна ні езуітам, ні Польшчы. Калі выявілася, што вунія, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокіх масаў, яе перасталі лічыць патрэбнаю і прывілегірованаю.

Вунія, такім спосабам, прынесла на Беларусь разлад і барацьбу. Яна, як і Люблінская вунія, касавала незалежнасьць Беларусі і павінна была вызваць у Беларусі проці сябе протэст. Гэтым протэстам, барацьбою за палітычную, нацыянальна-культурную і рэлігійную волю запоўнена гісторыя трэйцяга пэрыяду. Польшча, каторая выклікала гэтую барацьбу, будзе сурова пакарана гісторыяй у канцы гэтага пэрыяду.

Палітычна-соцыяльны лад Польшчы.

Вуніі 1569 і 1596-га гадоў інкорпоравалі Беларусь у Польскую дзяржаву. Беларусь перастала істнаваць, як незалежная дзяржава. Разумеецца, што польскі ўплыў, пасьля вуніяў, мог вольна пашырацца на нашай бацькаўшчыне. Дзякуючы гэтаму, нам трэба пазнаёміцца з тым, што было ў Польшчы, каторая рабіла гэты ўплыў, якім палітычна-соцыяльным зьместам было запоўнена яе жыцьцё. Гэты зьмест жыцьця будзе зьместам жыцьця і Беларусі, каторая разам з Польшчай злажыла дзяржаву „Рэч Паспалітую“.

Законадаўчую ўладу ў гаспадарсьцьве меў Вальны Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і пасольскай дэпутацкай ізбы. Сэнат быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі асобы, займаўшыя вышэйшыя пасады, як цэнтровыя, так і провінцыяльныя. Лік сэнатараў даходзіў да 150 пэрсон: ён памяншаўся з памяншэньнем тэрыторыі дзяржавы і павялічваўся з яе пашырэньнем. Першае месца тут займае арцыбіскуп Гнезненскі, прымас польскай каталіцкай царквы. За ім ішлі біскупы, потым кашталяны, ваявоводы і г. д. Старэйшыя сэнатары засядалі ў крэслах, малодшыя на лавах. Раней сэнат быў проста радаю пры каралі і толькі потым увайшоў у склад Сойму. І потым Сойм выбіраў 28 сэнатараў для каралеўскай рады на 2 гады,