пашырэньня каталіцтва, ўжо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.
Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз цэркву. Ужо ў 1572 годзе езуіты адтрымалі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлены выдатны арган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадаю паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але і Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і др. вучэньні рэформацыі. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней ў рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку 17-га сталецьця протэстанства і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частыя адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 гадоў ад прыезду езуітаў навярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысячаў жыхароў места.
Такім чынам, каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая, важная для таго часу розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо непатрэбна была рэлігійная вунія, бо яны палітычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.
Але, апроч магнатаў і шляхты, жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся някрануты яе ўплывам. Ен трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не нарушаючы яго традыцыяў. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такі добры палітык, як езуіты.
Думка аб вуніі ня была выдумана езуітамі. Яна істнавала даўно сярод разумнейшых людзей, і яе прабавалі рэалізаваць яшчэ ў 1439-м годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою хварэлі сэрцам, бачачы разьдзел хрысьціянства і спадзяваліся, што вунія скасуе гэты разьдзел і парушыць загародку паміж цэрквамі. І на Беларусі думка