граму мінімум (пашырэньне каталіцтва і ўлады папы); мела практычную, а не ідэялістычную мораль і этыку, чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую консьпірацыю. Усе гэтыя факты рабілі ордэн моцнай сілай, каторая, гдзе-б яна ні зьявілася, пачынала хутка і энэргічна сваю больш палітыка-грамадзянскую, чым чыста рэлігійную працу. Так было і на Беларусі, і ў Польшчы.
Вызваў езуітаў з Захаду для змаганьня з рэформацыяй віленскі каталіцкі біскуп Валярыян Пратасэвіч. Езуітаў ня трэба было доўга клікаць на працу. У 1569-м годзе, якраз, у час Люблінскай вуніі, пяць чалавек езуітаў ужо пачалі сваю працу ў Вільні. Усё гэта былі людзі разумныя, вучоныя, добрыя прамоўцы, энэргічныя і стройна арганізованыя. Найраней трэба было ім захапіць у свае рукі палітыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства, як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовыя настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы ўплыў на іх розум, яны адтрымалі магчымасьць мець уплыў і на кірунак палітыкі. Апроч таго, ўзяўшы ў рукі магнатаў і панства, езуіты адтрымалі магчымасьць здабыць і матар‘яльную, эканамічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой палітычны ўплыў і эканамічнае становішча, ордэн прыняўся за народныя масы. Сярод народнай масы найлепшы матар‘ял для ўплыву складае моладзь. З яе пачынае сваю працу партыя, з яе павінны былі пачаць працу і езуіты. Хутка ў Вільні езуіты заснавалі сваю школу, так званы, колегіум. Закранутае рэформацыйным рухам грамадзянства спачатку ня пушчала сваіх дзяцей у каталіцкі колегіум, але езуіты ня спынялі працы, хоць ува ўсёй школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, настаўнікі, адпавядаючыя свайму стану, добрыя адносіны да вучняў — ўсё гэта гаварыла само за сябе. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз некі час мы бачым езуіцкія колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Несьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў, навет, сан і зрабіўся, пасьля сьмерці Валярыяна Пратасэвіча, віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіротка, затраціў 5000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронцы і заступніка праваслаўнай веры, Канстантына князя Астрожаскага. Яго сыны перайшлі ў каталіцтва, а ўнучка, для