Не дарма вуніі і пасьля 1386-га году некалькі разоў ствараюцца юрыдычна. Гэты факт юрыдычных паўтарэньняў сьведчыць аб тым, што кожны з юрыдычных актаў ня меў жыцьцёвай, фактычнай моцы. Але, з другога боку, гэты факт сьведчыць і аб тым, што былі некія ўмовы ў жыцьці абедзьвюх дзяржаваў, каторыя прымушалі тварыць многа разоў юрыдычныя вуніі. За час супольнага юрыдычнага жыцьця ў Ліцьве і Беларусі ствараліся такія дзяржаўныя, соцыяльныя і культурныя зьявы, каторыя збліжалі гаспадарства з Польшчай. Гэтыя зьявы залежалі, як ад паступовага руху ў жыцьці самога гаспадарства, так і ад польскага ўплыву. Гарады адтрымалі Майдаборскае права; шляхта пачала займаць такое становішча, пры каторым згінула ўлада караля і правы другіх станаў гаспадарства; ў вышэйшыя станы сачылася польская культура і выціскала культуру беларускую і г. д. Усё гэта павінна было ўзмацняць і гатаваць глебу для фактычнай рэальнай вуніі. Да гэтага-ж вялі і чыста надворныя, часам прыпадковыя, падзеі ў абодвух гаспадарствах.
Мы ведаем, што пачынаючы з канца 14-га веку, на Літву і Беларусь ідзе націск з усходу, збоку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск пустошыць і руйнуе, асабліва, беларускія землі. У другой палавіне 16 сталецьця (1558—1582) з перарывамі і пераменным шчасьцем цягнулася, так званая, Лівонская вайна, пачатая Іванам Грозным. Лівонія, разьбітая маскоўскімі войскамі, аддалася пад абарону Літвы, і Ян напусьціў свае войскі на Літоўска-Беларускае гаспадарства. Маскоўская армія, больш як у 250 тысячаў, ў 1563 годзе аблажыла і ўзяла горац Полацак. Шмат народу загінула, вялікая моц золата, серабра і дарагіх рэчаў была забрана o Маскву. Шукаючы ратунку ад Масквы, Літва і Беларусь павінны былі думаць аб апоры ў Польшчы.
Польскім каралём і Літоуска-Беларускім гаспадаром быў у гэты час Жыгімонт III (II) Аўгуст. Ен быў ужо немалады і не спадзяваўся на патомства. Канчалася, такім спосабам, лінія Ягялонаў, якая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскія палітыкі баяліся, што, па сьмерці апошняга Ягялона, Літва і Беларусь могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць сувязь паміж гаспадарствамі да скону караля. Жыгімонт, таксама, згадзіўся з гэтым. Пачаліся перагаворы.
Прадстаўнікі Літоўска-Беларускага гаспадарства і Польшчы мелі не аднолькавыя думкі аб злучэньні дзяржаваў. Літва і Беларусь хацелі зрабіць вунію, не касуючы незалежнасьці і самабытнасьці свайго гаспадарства. Па іх пляну ў кожнай старане павінен быць свой асобны сойм; некаторыя з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў згаджаліся і на агульны для абедзьвюх дзяржаваў сойм, але ён павінен