скага гаспадара на вайну з Жыгімонтам. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Жыгімонт з вялікім, моцным войскам выйшаў ім на спатканьне і пачаў гнаць на ўсход. Васіль III павінен быў прасіць згоды. Быў падпісаны „вечны мір“, па ўмове каторага Маскоўскі гаспадар павінен быў вызваліць князя Астрожскага і другіх ваеннапалонных.
Вечнасьць згоды цягнулася надта нядоўга, ўсяго толькі 5 гадоў. У 1513-м годзе зноў пачалася вайна. Адбываюцца вялікія бойкі пад Смаленскам і Оршаю. Пад Оршаю гэтман Астрожскі адтрымаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю як маскоўская ў два разы. Ад Оршы ён гнаў маскоўцаў аж да Дарагабужа. 30 тысячаў трупаў беларусоў, ліцьвіноў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую плошчу. Змаганьне бязупынна йдзе далей. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілёў, Орша, Рагачоў, Гомель, Віцебск, Смаленск і інш. руйнуюцца па некалькі разоў. Мы ўжо й ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчкаў было зруйнована за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая народная праца, гіне. Разгараная зямля зарастае густым лесам. Жыхары бадзяюцца па лясох, хаваючыся там ад збойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канца-краю, кідаюць свае зруйнованыя гнёзды, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украйну. А барацьба ўсё йдзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1535, і 1536-м гадох. І тая і другая старана, змучаныя змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 гадоў. Пры Яне IV Грозным, у 1561-м годзе, зноў пачынаецца, так званая, Лівонская вайна, каторая, так сама, адбывалася на тэрыторыі Беларусі.
Дорага каштавала гаротнаму беларускаму народу імпэрыялістычная думка Маскоўскіх гаспадароў-збірацялёў аб тым, што Беларусь ёсьць іх „вотчына“.
Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матар‘яльная і духоўная культура, над якой працавалі нашыя бацькі, ўсё-ж такі ў гэты час мы бачым разьвітак, і дужа шырокі, беларускай культуры. Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць моцнага культурнага руху. Культура пэрыяду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць яўна-выразны беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова навукі і культуры. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынен вуніяю