гаспадаром быў, напрыклад, Жыгімонт III (у Польшчы II) Аўгуст, апошні з дому Ягайлавага.
Што жыцьцё дзяржавы Літоўска-Беларускай пасьля 1386-га году ў асновах сваіх не зьмянілася фактычна, відаць яшчэ і з таго, што акты вуніі паміж дзьвюма дзяржавамі, усё пішуцца і пішуцца. Паўтарэньне актаў гаворыць аб тым, што яны ня маюць моцы ў жыцьці. Калі-б акт 1386-га году быў моцным рэальна, то ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на зьездах больш, чым дзесяць разоў. Мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася ў сьледуючыя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1563, 1564, 1566 i 1567. Як мы бачым з пераліку гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва падкрэсьліваецца ў 60-я гады 16-га сталецьця. Насьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабуюць пэўнай, рэальнай вуніі. Глаўнейшай з гэтых прычын быў той польскі ўплыў, якому была адчынена брама ў Літву і Беларусь актам 1386-га году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь націск з усходу, з Масквы. Гэты націск робіцца асабліва моцным, якраз у 60-я гады 16-га сталецьця. Ратуючыся ад тэрору Івана Грознага, наша бацькаўшчына падпісала, ўрэшце, апошнюю сваю вунію з Польшчай у горадзе Любліне ў 1569 годзе. Гэтая вунія скончыла незалежнае, самавітае істнаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства.
Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да гаспадарства Маскоўскага.
Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго істнаваньня ўзяла на сябе заданьне зьбіраньня заходняй часьці рускіх славянаў. У 13-м і ў першай палавіне 14-га сталецьця ў гэтай справе яна ня мела супернікаў. З другой палавіны 14-га сталецьця зьявіўся супернік. Гэта было нарадзіўшаеся ў пачатку 14-га сталецьця Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славянаў. І тая, і другая дзяржавы, пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце, спаткаліся ў канцы 14-га сталецьця. З гэтага часу і пачнецца змаганьне паміж Літвой і Беларусьсю з аднаго боку і Масквою з другога боку.
Суперніцтва паміж дзяржавамі зьбірацелямі пачалося праз жаданьне мець уплыў на Цьверскае князьства. Войскі Альгэрда два разы біліся з войскамі вядомага маскоўскага вялікага князя Зьмітра Данскога. У першы раз адтрымаў верх Альгэрд, у другі раз Зьмітры Данскі. Літва і Беларусь, занятыя ў гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі,