і ліцьвінамі. Ліцьвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску, і, каб абарона была мацнейшай, пачалі арганізавацца. Так збудавалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося стрымліваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз сталецьці. Ужо Мендаўгу трэба было бараніцца і ён бараніўся, як мог, гдзе мечам, гдзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гэдымін. Часта, ня маючы магчымасьці адтрымаць верх над немцамі сілаю меча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гэдыміну прыняць хрысьціянства па заходнім абрадзе. Гэдымін, па пробе Мендаўга, ужо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Каталіцтва, якраз, было тэю сьцежкаю, па каторай ішлі палітычныя жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў прапазыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў пасланцом папы так: „Калі я меў замер калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку; але я гэта сказаў затым, што папа старэйшы за мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых за мяне, люблю, як сыноў“. Барацьба з крыжакамі пры Гэдыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі разоў ліцьвіном удавалася адтрымываць над імі верх, але, наагул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. У барацьбе з крыжакамі загінуў і сам Гэдымін. Пад 1341-м годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гэдымін загінуў пры аблозе аднае нямецкае крэпасьці, паранены крыжакамі.
У часы Альгэрда і Кэйстута амаль што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кэйстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы, замест вялікіх паходаў, робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны ліцьвіны чакаць неспадзяванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя на добрых конях урываюцца раптам у, сумежныя з ордэнскімі, літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б‘юць жыхароў альбо бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы быдла і цягнуць маемасьць. Часам, у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 гадоў князяваньня Альгэрда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля соткі такіх паходаў.
Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы і Літва на межах муруюць моцныя замкі. Наймацнейшым з літоўскіх замкаў таго часу быў замак у Коўне. Многа разоў падступаліся