Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мы ведаем, што ў гісторыі полацкага пэрыяду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Новая дзяржаўная ўлада не парушыла гэтай старажытнай, агульна-рускай ідэі народапраўства. Наадварот, літоўскія вялікія князі асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат літоўска-беларускіх гаспадароў, якія даваліся асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія словы: „гаспадар старыны не парушае і навіны ня ўводзе“. Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уходзячы ў склад новага гаспадарства, не адходзіла ад сваіх старых традыцыяў і зьберагала свой твар. Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, гдзе ўвакол Масквы, таксама, пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — ўсходняй Русі. Масква, зьбіраючы Русь, закасуе гэтую старарускую ідэю народапраўства. Будзе расьці моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць грунт для бязупыннае сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, каторая ўваходзіць у склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе страціць свой асабісты твар. Будзе скасована індывідуальнасьць тэрыторыяльная.

Не касуючы правоў веча і старарускай ідэі народапраўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе прагнуцца скасаваць уладу асобных мясцовых князёў. Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасадаў, але яны павінны прызнаць, як-бы, васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, гдзе пасады аставаліся, па якіх-небудзь прычынах, пустымі гаспадар садзіў, як князёў-намесьнікаў, сваіх родзічаў, або сваякоў.

Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў.

Важнейшаю з надворных справаў Літоўска-Беларускага гаспадарства было змаганьне з нямецкімі ордэнамі, якіх мы казалі вышэй. З IX-га, а асабліва з X-га, сталецьця пачынаецца вялікі рух гэрманскага пляменьня на ўсход, drang nach Osten. Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, балтыцкіх славянаў, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Сталецьце за сталецьцем ішоў гэты націск немцаў і славяны адыйшлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, па берагох Балтыцкага мора, нямецкі націск быў мацнейшы. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе каштоўнасьць і ў тыя, і ў нашыя часы марскога берагу. Пад Балтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў-тубыльцаў і ідучы па беразе на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі