ныя пастановы выдаюцца раней у дзьвёх мовах, а потым амаль што ня выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічачы сябе ліцьвіном па нацыі, прызнаваў, што ён, як галава, ёсьць прадстаўнік той і другой нацыі. У офіцыяльных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом Ліцьвіноў і Русінаў (rex Litwinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэйція часткі яго земляў былі беларускія.
Ня гледзячы на тое, што ў ліцьвіноў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-хрысьціянская, абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярпімасьць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму богу. Гэдымін, адказаваючы на адну з прапазыцыяў рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: „Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры: русінам па іх звычаі, паляком — па іх. А мы, ліцьвіны, будзем маліцца па нашым звычаі, бо ўсе мы паважаем аднаго Бога. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што ліцьвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і навет веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV-га сталецьця больш, як 50 літоўскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элемэнтаў, як паганская вера. Аб гэтым-жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то Ліцьвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, навет іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую.
Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад таго, што літоўска-беларускае гаспадарства было збудована больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго істнаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянсьцьве йшла клясавая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж эксплёатуючым капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго ня было забесьпячэнства ад міжусобных бояк паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэта не магло даць адпору новаму концэнтрацыйнаму руху, каторы йшоў з боку Літвы і яе князя. Асобныя воласьці і гарады ахвотна прызнавалі новую ўладу. Як на выключэньне можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літвы ваяўніцкім шляхам. Але і тут яшчэ раней была партыя, каторая цягнула да Літвы і адчыніла гарадзкую браму літоўска-беларускаму войску. Жыхары быўшай Полаччыны без протэсту прынялі ўладу літоўскіх князёў, каторыя прыносілі з сабою абарону ад моцных суседзяў і давалі спакой ад міжусобнай хатняй барацьбы.