Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

склад Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй часьці мела назву Падлясься.

Пазьней у часы Альгэрда і Кэйстута да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласьць з Валыньню і Падоліяй. Трэба адзначыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку XIV-га сталецьця ня была падобна на тую Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала нашу бацькаўшыну Полаччыну. Кіеўшчына ў гэтыя часы была зьнішчана і зруйнована дашчэнту, як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых сьцепнякоў, а раней полаўцаў, а потым татараў. Кіеўскі вялікі князь зрабіўся адным з тых маленькіх, гаротных паўднёвых князькоў, каторыя ледзьве-ледзьве трымаліся, апіраючыся на нязначную жменьку рускіх насельнікаў, застаўшыхся ў сьцепе, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татараў. „Маці гарадоў рускіх“, паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа насялёны Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Карпіні, каторы, праяжджаючы па паўднёва-ўсходнім старонам, бачыў у гэты час, паміж іншым, і Кіеў, налічыў у ім ня больш, як 200 хатаў. У 1300-м годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрапаліт „усея Русі“ Максім, уцякаючы ад татарскіх пагромаў, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, гдзе пачаў будавацца Маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, выйшлі і мацнейшыя князі, і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для свае працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей Кіеўскі князь ня мог тут трымацца як самаўладны, незалежны ўласьнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя Літоўска-Рускага, каторы меў моц абараніць поўдзень ад татараў.

Не здаволіваючыся паўднёвымі рускімі валасьцямі, Альгэрд прагнуўся зацьвярдзіць свой палітычны ўплыў і на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам палітыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыяд гісторыі Беларусі так сама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно прагнулася схіліць у свой бок, напрыклад, Цьверскае князьства, падтрымліваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе рос моцны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была, так сама, як і Масква, бараніць свае гаспадарства ад тата-