Пасьля сьмерці Усяслава Васільковіча, у 1180-м годзе мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісуе яго так. Усяслаў Васільковіч быў дужа любімы народам князь. Меў ён пашану ня толькі ад князёў Полацкай зямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату і называлі навет вялікім. Калі ён памёр, то веча, перакананае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсьці, каб не зьняважыць нябожчыка, не абрала ніякага князя і ўхваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторыя і кіравалі рэспублікай некалькі гадоў, да 1190-га году.
Немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі дзеля таго, што веча не знайшло годнага кандыдата на месца князя. Ня можна згадзіцца і з тым, што веча не абрала князя толькі затым, што яно ніяк не магло кіраваццца ў лініях радзтва князёў. Мы ведаем, што веча ня лічыла для сябе абавязковым, пры абраньні князя, кіравацца яго старшынством. Князем абіраўся той, хто больш здаволіваў умовам веча. Трэба, такім спосабам, шукаць другіх, больш грунтоўных прычын для такой палітычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.
Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параўнаўчага мэтоду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняў даўняй Эльляды, каторы надта падобен да нашага паданьня і ўжо выяўлены гістарычнаю навукаю.
Быў калісь у Аттыцы, у незапомныя часы адзін цар на імя Кодр. Народ вельмі любіў яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І вось, адзін раз напалі на Аттыку ворагі, ад каторых ніяк ня можна было адбараніцца. Тады людзі зьвярнуліся да боскай дапамогі. Аракул даў такі адказ: адтрымае верх тая старана, гдзе загіне цар. Калі гэты адказ перадалі Кодру, ён замысьліў зрабіць афяру для свайго народу. Апрануўся ён у лахманы, павесіў на плечы жабрацкую торбу і, зусім непадобны да цара, пашоў у варожы стан. Тут ён сумысьля пачаў нейкія спрэчкі. Ворагі ня ведаючы, што гэты жабрак ёсьць афінскі цар, у спрэчцы забілі яго. Тут толькі яны даведаліся аб боскім прыказе і аб тым, хто такі ёсьць забіты жабрак. Пасьля гэтага, не спадзяючыся перамагчы афінян, бо з іх боку загінуў цар, ворагі самі адыйшлі ад Аттыкі. А Афіняны, вызваліўшыся ад непрыяцеляў па афяры свайго цара, на сходзе зрабілі пастанову, каб не абіраць больш цара, бо другога такога цара, як Кодр, немагчыма знайсьці. Такім спосабам, у Аттыцы была заложана рэспубліка. Трэба толькі ад‘значыць, што Рэспубліка гэтая была не дэмократычная, а арыстократычная.
Гістарычная навука ў гэтым наіўным паданьні ўгледзела