лігійныя справы мала чым зьмяніліся. Усяму гэтаму пэрыяду ад XIII да палавіны XVI сталецьця магчыма даць назву Літоўска-Беларускага.
К палавіне XVI сталецьця польскі уплыў ўсё мацнее. Па прычынам, як хатнім, так і надворным, Літва і Беларусь ўсё больш і больш павінны хіліцца да Польшчы. У 1569 годзе на Люблінскім сойме адбылася ня толькі юрыдычна, але і рэальна унія Літвы і Беларусі з Польшчай. Польшча скарыстала цяжкія умовы дзяржаўнага жыцьця сваёй суседкі, каб зрабіць унію інкарпарацыей Літвы і Беларусі ў арганізм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі была згубляна, Валынь, Падольле і Падлясьсе былі залічаны землямі Польскай Кароны. На сойме 1596 г. была зробляна постанова аб польскай мове, як дзяржаўнай мове. Поруч з мовай сталі панаваць польская культура, польскі соцыяльны і палітычны строй і каталіцкая вера. Літвіны і Беларусы вышэйшых станаў апалячываліся, адходзілі ад бацькаўшчыны сваёй, ад свайго народу. Пакінуты імі просты беларускі народ захаваў сваю старую мову, старыя звычаі і веру. Але ён ня меў ўжо моцы зьберагчы і пашырыць беларускую культуру. Пад політычнай і культурнай ўладай Польшчы Беларусь была да канца XVIII-га веку.
Дзякуючы ненармальным умовам палітычнага, соцыяльнага і царкоўнага жыцьця, Польшча прыйшла да канечнаго свайго распаду. У канцы XVIII-го сталецьця суседзі скарысталі ўпадак Рэчы Паспалітай. Польшча была падзелена паміж Аўстрыей, Прусыей і Расіей. Беларусь адыйшла пад ўладу Расійскай імпэрыі. Кацярына абяцалася захаваць на вечныя часы ў прылучаных землях беларускіх вольнасьць грамадзянскую і вольнасьць сумленьня паводлуг старых звычаяў і прывілеяў; а гэтыя звычаі і прывілеі ў соцыяльна-грамадзянскім сэнсе былі шкадлівы дзеля беларускага простага народу.
Аж да Мікалая I зноў ідзе паланізацыя краю: ўрад няньчыцца з панам-паляком, а не з мужыком-беларусам. З Мікалая I справа пайшла інш: пасьля польскіх паўстаньняў палякі страцілі ласку рускага ураду, але ад гэтага беларусу ня стала лепш: мейсца паланізацыі заняла русыфікацыя. Беларусу было забаронена нават мець друкованую кнігу ў сваей роднай мове. Ня гледзячы на гэтае, ў Беларусі як раз ў гэты пэрыяд яе гісторыі ідзе нацыяльна-культурны рух.