апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляс шляхты з вялікаю стараннасьцью захоўваў чыстасьць свае белай косьці і благароднай крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якого колечы шляхціца, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваей матцы. Гэты спосаб абяленьня к пачатку 16-га сталецьця ўжо счэзае: шляхоцкіе фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхоцкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзіўся гэты кляс ад другіх клясаў i зрабіўся кастаю. Шляхоцтва атрымліваецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна атрымаць шляхоцтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род пасынаўляючага і Сойм. Шляхоцкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхоцтва каралём так сама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасынаўленнай асобе дае і гэрб. Дараваньне шляхоцтва каралём з палавіны 17-га сталецьця ўжо не сустракаецца: шляхта запясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхоцтво можна па суду і за няпрыстойные для шляхціца паступкі. Такімі паступкамі лічыліся — напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека.
Атрымываць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца 14-га сталецьця. З разьвітку шляхоцкіх прывілеяў мы бачым, што для атрыманьня іх шляхта карыстала з двух фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права абіраць караля і зацьвярджаць налогі. Абіраючы караля і зацьвярджаючы ў Сойме налогі шляхта ніколі не забывала сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікіе.
Шляхта найперш усяго кіруючы стан. Шляхціцы і толькі шляхціцы даюць паслоў на сойм і на соймікі. Шляхта абірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціц можа спадзявацца быць абраным за караля. Вышэўшые ўрадовые пасады займаюць толькі шляхціцы. Так сама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціц. Рымскі папа асобнаю буллаю забясьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціц мае і грамадзянскіе правы: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпнасьць асобы, памяшканьня і маентнасьці. Толькі шляхціц