наго жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб недастойным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахват царкоўнага жыцьця таго часу: «Аще-ли кто вопрошает их (духоўных асоб) о книгах, то отвещают глаголюще: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убозі, но ризы носяще светлы и блещащеся, расширяюще воскрылья, шеи-же яко у тельдов, на заколение упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая-же студ и глаголати».
Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое становішчо праваслаўнай цэрквы давало як-бы грунт для вуніі. Вунія обяцала даць вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы, апроч таго, яна патрэбавала скасаваньня кантролю сьвецкіх устаноў і асобаў над цэркваю. І тым і другім вунія маніла да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства цэрквы. У 1591-м годзе некаторые з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Сігізмунду заяву аб прызнаньні імі главенства папы над праваслаўнымі пад умоваю, каб былі ў праваслаўнай цэркве пакінуты ўсходніе абрады. Галоўнымі дзеячамі гэтай справы былі — Луцкі епіскап Кірыла Царлецкі і Уладзімерскі епіскап Іпат Пацей. Кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагаза так сама згаджаўся на вунію. Трэба было правесьці гэтую справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і І. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам, як прадстаўнікі, да Рыму. Рымскі папа, Клімэнт VIII, з радасьцю прыняў пасланцоў і даў сваё благаславеньне і згоду. На славу падзеі быў выбіты асабісты мэдаль з напісам «на злучэньне рускіх» (Ruthenis receptis). Сігізмунд III з свайго боку выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных надта абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль узяў пад сваю абарону як іх, так і другіх епіскапаў, каторые пісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня: Спагадчыкі вуніі думалі абыйсціся і без сабору, але праціўнікі вуніі, жадаючые зруйнаваць акт вуніі, зроблены без агульнай пастановы, трэбавалі, каб быў скліканы сабор.