шырокіе масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз цэркву. Ужо ў 1572 годзе езуіты атрымалі для свайго набажэнства касьцёл св. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлен выдатны арган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадаю паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуітскіх казаньняў. Хутка касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але і Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і др. вучэньні рэформацыі. Вышэйшые станы беларускаго грамадзянства, зацягнутые раней у рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку 17-га сталецьця протэстанства і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частые адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 гадоў ад пріезду езуітаў навярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысячаў жыхароў места.
Такім чынам, каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая, важная для таго часу розніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо не патрэбна была рэлігійная вунія, бо яны політычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.
Але, апроч магнатаў і шляхты, жыў яшче на Беларуci i просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся някрануты яе ўплывам. Ен трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба была зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі, ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не нарушаючы яго традыцыяў. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтаму шляху можна-б было цьвёрда і пэўна прыйсьці