русь, апроч таго, увайшла ў дзяржаўны організм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і політычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь так сама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшые станы, каторые апалячыўшыся сталі чужымі для свайго народу.
Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечывала Польшчы політыка-соцыяльны і часткаю культурны уплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцьці злучаных дзяржаваў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асабістага твару вялікага князьства: у Польшчы панавала заходняе хрысьціянства, каталіцтва, на Беларусі — усходняе, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, блізіў Беларусь да Масквы, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумеецца што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне паднялося-бы раней 1596 году, каб ня было некай прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 гадоў. Такой прычынаю быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такіе часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную праціўнасьць паміж імі.
Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чвэрці 16-га сталецьця. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Сігізмунда Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля, Боны, Францішак Ліппамані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя выйшла на вуліцу. Гаспадары Сігізмунд і Сігізмунд-Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асобаў кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютаранства зацікаўлівала мяшчанскі