вілеі. Найраней гэты кляс выдзяліў з свайго складу асабістую раду паноў, сэнат, каторая мела права кантроля над гаспадаром. У палавіні XV-га сталецьця шляхта атрымала вызваленьне ад уселякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якіе сама яна згодзіцца. Гаспадары, калі мелі патрэбу ў грошах, павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх адтрымаць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы шляхты, на каторых абгаварываліся ня толькі грашовые пытаньні, але і політычные. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, прагнуўся як мага адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў яшчэ больш узмацняў шляхту. Фэодалізм, прышоўшы з Заходу праз Польшчу, прынёс ім правы заходняго рыцарства тые „вольные, добрые, хрысьціянскіе правы, як у каруне польскай“ нясуць злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.
Горад Полацкай Русі быў цэнтрам, да якога цягнула вёска. Веча гораду мело уплыў на жыцьцё прылягаючай да яго тэррыторыі. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, частка лепшых людзей гораду ўвайшла ў склад шляхоцкага стану. У мяшчанскім стане засталіся гандляры, прыкашчыкі, рамесьнікі і земляробы гарадскога району. Вёска аддзялілася ад гораду, а горад ад вескі. Горад заняўся будоўляй не агульна-валаснога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася дзякуючы пашырэньню ў Беларусі нямецкага Майдэборскага права, каторае прышло сюды праз Польшчу. Вечы, асабліва ў першые часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць не да воласьці, а толькі да места. Толькі на поўдні гаспадарства доўга трымаецца старажытны звычай. Тут веча зьбірае на сваі сходы ня толькі жыхароў гораду, але жыхароў обласьці, вясковае сялянство. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчана-сялянскае самакіраваньне: старшыны, абраные вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж жыхарамі абавязковые работы, чыняць суд па ўсім справам. Але і на поўдні з цягам часу ў гарадох пачынаюць уводзіцца новые парадкі і звычаі, згрунтаваные на нормах Майдэборскага права. Сутнасьць яго была такая. Гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечываліся за мяшчанскаю абшчынаю правы суда над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў і г. д. За адтрыманые правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленые налогі. Літоуска- беларускім гаспадаром, каторые часта мелі брак у грошах, было карысна выдаваць такіе граматы. З другога боку, адтрымываць правы было карысна і для гарадоў. Яны,