Масква гэтага часу яшчэ ня мае сілы. Вырасшы з невялічкаго ўдзельнаго князьства, яна крок за крокам выбіваецца на першае месцо сярод асобных удзельных князьстваў. Хоць татары разьбіты на Куліковым полі (1380 р.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым маскоўскім гаспадарстве. Толькі пачынаючы з палавіны 15-го сталецьця ўмовы жыцьця Масквы хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскаго ханства. Замест адной Залатой Арды мы бачым нескалькі ордаў, каторые змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480-ый год прыносіць Маскоўскому гаспадарству вызваленьне ад татарской няволі. Усе дробные удзельные князьствы ўжо страцілі сваю незалежнасьць і увайшлі ў склад Маскоўскаго гаспадарства. Вырасшая з невялічкаго ўдзелу-вотчыны Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і арганізацыю вотчыны зьбярагае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваей вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваей удзелу-вотчыне. Ен нават лічыць, што ўсе землі рускіх славянаў ёсць яго вотчына. «Вся руская земля Божіею волею из старины наша вотчина». Маскоўскі князь уже запомніў, што «из старины» яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі ўдзел. І пэўна, справа тут не ў старасьветчыне, а ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц і, апіраючыся на яе, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласьнікам ўсяе Русі. Стары тытул вялікага князя Маскоўскага яго ўжо не здаволівае, і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара Маскоўскага і „всея Руси“. З новаю сілаю падымецца суперніцтво паміж заходнім Літоўска-Беларускім і усходнім Маскоўскім гаспадарамі „Русі“. Змаганьне за „вотчыну“ цягнецца блізка 150 гадоў. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, усачваюцца крывёю.
У 1492 годзе, калі Літоўска-беларускім гаспадаром быў абраны Александар Ягайлавіч, Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ён паклікаў татарскаго крымскаго хана Мэнглі-Гірэя, для катораго Беларусь хоць і не была вотчынаю, але была месцом добрай спажывы. Пачаўся пагром нашае бацькоўшчыны с паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: каштоўнасьці паграбавалі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву. Літоуска-беларускае гаспадарство павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі аддаўшы Яну III горад Мсьціслаў. З граматы відна, што абодвы гаспадары абяцаюцца дапама-