Літоўска-беларуская дзяржава з самага пачатку свайго істнаваньня ўзяла на сябе заданьне зьбіраньне заходняй часьці рускіх славяноў. У 13-м і ў першай палавіне 14-га сталецьця ў гэтай справе яна не мела супернікаў. З другой палавіны 14-га сталецьця зьявіўся супернік. Гэта было нарадзіўшаеся ў пачатку 14-га сталецьця Маскоўскае гаспадарство, каторае пачало рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славянаў. І тая, і другая дзяржавы, пашыраючы свае тэррыторыі, ўрэшці спаткаліся ў канцу 14-га сталецьця. З гэтага часу і пачнецца змаганьне паміж Літвой і Беларусью з аднаго боку і Масквою з другога боку.
Суперніцтво паміж дзяржавамі-зьбірацелямі пачалося праз жаданьне мець уплыў на Цьверскае князьство. Войскі Альгэрда два разы біліся з вайскамі вядомаго маскоўскага вялікага князя Зьмітра Донскага. У першы раз атрымаў верх Альгэрд, у другі раз Зьмітры Донскі. Літва і Беларусь, занятые ў гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі, прыпынілі пакуль што свой рух на ўсход. Зробляна была згода. У адзнаку згоды Альгэрд аддаў сваю дачку замуж за стрэчнага брата Зьмітрыя Уладзімера Андрэевіча.
Згода пры Вітаўце зноў прыпынілася. Паднялася спрэчка з Масквою з-за Ноўгарада і Смаленска. Толькі татары, атрымаўшые верх над Літвою і Беларусьсю на берегох ракі Ворсклы, ня далі магчымасьці Вітаўту пашырыць свой уплыў далёка на ўсход. Усё-ж такі і Ноўгарад і Смаленск павінны былі прызнаць сваю залежнасць ад Вітаўта. У 1396-м году Вітаўт і Васіль I Маскоўскі, зьехаўшыся на параду ў Смаленску, устанавілі мяжу Літоўска-Беларускаго і Маскоўскаго гаспадарства на рэчцы Угры. Для ўзмацненьня згоды дачка Вітаўта Настася была выдадзяна замуж за Васіля I. У гэты час Літоўска-беларуская дзяржава ўключае ў свой склад вялікі абшар рускіх земляў. Налажыўшы ўсходнюю мяжу нашай дзяржавы на карту, напрыклад, Расійской імпэрыі дарэвалюцыйнаго часу, мы бачым, што ў склад падуладных Вітаўту земляў уходзяць такіе губэрні: Віленская, Городзенская, Ковенская, Сувалская, Падольская, Валынская; Менская, Магілёўская, Вітебская, Смаленская; Кіеўская, Чарнігаўская, Кацярынаслаўская, Херсонская; Ар- лоўская, часткаю Калужская і Тульская. Літоуска-беларуская дзяржава пашырылася далека на ўсход: яе мяжа даходзіла да сучаснаго нам горада Мажайска, за 107 вёрстаў ад Масквы.