помсту немцам за іх рэйзы на Літву. Толькі сабраўшы ўсе свае сілы і запрасіўшы на дапамогу чужаземных рыцараў, забралі ўрэшце немцы гэты грозны замак, ці, лепш кажучы, яго руіны, бо літвіны толькі тады пакінулі яго, калі ён быў зусім зруйнованы. Але прайшоў год прайшоў другі, і літвіны зноў, недалёка ад руін, збудавалі новы замак ня менш моцны ад старога.
Не заўсёды йшла так барацьба. У часы хатніх спрэчак Літоўска-беларускае гаспадарства само ўмешывала крыжакоў ў свае хатніе справы. Так рабілі, напрыклад, і Ягайла, і Кейстут, каторые зьвярталіся да крыжакоў у барацьбе за вялікакняжацкі пасад. Крыжакі ахвотна ўмешываліся ў жыцьце Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць моц шкадлівага для іх гаспадарства суседа. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю проці свайго ворага. Змаганьне з немцамі было адной з прычын злучэньня Літоўска-беларускага гаспадарства з каралеўствам Польскім у 1386-м годзе. І трэба адзначыць, што гэтае злучэньне было надта шкадлівым для ордэнаў. У 1410-м гадзе Вітаўт разам з Ягайлам даў рашучую бітву немцам пад Таннэнбергам, ці Грунвальдам у Прусіі. Войска рыцараў складалася з 80 тысячаў, войска саюзьнікаў з 150 тысячаў. У бойцы былі і беларускіе войскі. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну тут быў вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны дзеяч чэскі часу гусіцкіх войнаў. Бітва пачалася зраньня 15-га чэрвеня. Літоўска-беларускіе войскі змагаліся на правым фланзе. Доўга ня мог выявіцца выхад бойкі. Толькі пад вечар, дзякуючы націску беларускіх смаленскіх палкоў, немцы пачалі кідаць поле бойкі. Страты немцаў былі вялікіе: быў забіты магістр ордэну, рыцараў было забіта каля 30 тысячаў. Радасьць ад пабеды была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца пералом у змаганьне Літоўска-беларускага гаспадарства з немцамі. Сілы немцаў слабеюць. У 1466-м годзе нават канчаецца незалежнае істнаваньне Тэўтонскага ордэну; вялікі магістр ордэну з гэтага часу павінен прызнаць сябе вассалам польскага караля і літоўска-беларускага гаспадара Казімера IV.