павінны прызнаць як-бы вассальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, гдзе пасады аставаліся па якім небудзь прычынам пустымі, гаспадар садзіў, як князёў намесьнікаў, сваіх родзічаў і сваякоў.
Важнейшаю з надворных справаў Літоўска-беларускага гаспадарства было змаганьне з нямецкімі ордэнамі, аб якіх мы казалі вышэй. З IX-га асабліва з X-га сталецьця пачынаецца вялікі рух германскага племені на ўсход. drang nach Osten. Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, балтыцкіх славяноў, каторые раней жылі аж да самага Рэйну. Сталецьце за сталецьцем ішоў гэты націск немцаў, і славяне адыйшлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, па берагох Балтыцкага мора, нямецкі націск быў мацнейшы. Немцы ўсе свае сілы сканцэнтравалі ў гэтым напрамку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на увазе каштоўнасьць і ў тые, і ў нашые часы марскога берагу. Пад Балтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў-тубыльцаў і ідучы па берагу на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем с палякамі і літвінамі. Літвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску, і каб абарона была мацнейшай пачалі арганізавацца. Так збудавалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося стрымываць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз сталецьці. Ужо Мендаўгу трэба было бараніцца, і ён бараніўся, як мог: гдзе мечам, гдзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гэдымін. Часта, ня маючы магчымасьці атрымаць верх над немцамі сілаю меча, ён звяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гэдыміну прыняць вадохрышча па заходняму абраду. Гэдымін, па пробе Мендаўга, ужо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Каталіцтва як раз было тэю сьцежкаю, па каторай ішлі політычные жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў пропа-