было дапамагчы свайму айцу зламаць ворагаў аднаўладзтва, якіх, як мы ведаем, было ня мала. Калі мы зьвернам увагу на ўсё гэтае, то зразумеем, што Вайшэлак рабіў збойствы не дзеле свайго капрызу, а дзеля політычнай мэты. Некалькі пазьней, калі была спрэчка паміж Галіцкім князем Данілай Раманавічам і Мендаўгам, літоўскі князь, жадаючы згоды, паслаў дзеля гэтай справы ў Галіччыну Вайшэлка. Вайшэлку ўдалося дабіцца згоды. Потым ён застаўся жыць у м. Холме ў Галіччыне, мабыць дзеле тага, каб падтрымаць згоду. Гэтая дыплёматычная місія яму ўдалася. Згода была ўзмоцнена выданьнем замуж сястры Вайшэлка за сына Данілы Шварна. Князяваньне над Чорнай Русьсю, а так сама жыцыце ў Галіцкай Русі зрабілі з Вайшэлка прыхільніка рускай нацыі, культуры і праваслаўнай веры. Раней паданьне не шкадавала чорнай фарбы, калі давала малюнак паганскага жыцьця Вайшэлка. Цяпер яно так сама не шкадуе ружовай хварбы, малюючы Вайшэлка ў хрысьцьянстве. Паданьне кажа, што, жывучы ў Галіччыне, Вайшэлак пазнаёміўся з адным ігумэнам Грыгорам, такім сьвятым чалавекам, якога, водлуг паданьня, «ня было раней і ня будзе пазьней». Гэты сьвяты ігумэн меў такі ўплыў на літоўскага сардзітага князя, што ён зрабіўся сьвятым чалавекам. Вайшэлка стала грызьці сумленьне за ўсе тые збойствы, каторые ён утвараў раней, як быў у паганскім стане. Ен прыняў вадахрышча. Не здаволіўшыся гэтым, ён потым зрокся мірскога грэшнага жыцьця і прыняў манашанскі пастрыг. Тры гады пражыў Вайшэлак у Галіччыне пад кіраўніцтвам ігумэна Грыгора, але яму ўсё жадалася сьвяцейшага жыцьця. Даведаўшыся, што гэтае жыцьце можна найсьці на Афоне, ён паехаў туды. Да Афону з некіх прычын яму не давялося дабрацца, і тады ён вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут, недалёка каля Навагрудку, ён заснаваў манастыр, гдзе і жыў як просты, звычайны манах. Мендаўг, каторы ў той час быў жывы, гневаўся на сына, што ён замест таго, каб дапамагаць бацьку ў політычных справах, зачыніўся ў манастыры, але Вайшэлак быў цьвердым і астаўся манахам.
Так кажа летапіснае паданьне. Але далейшые падзеі