яны пакрылі нашу бацькаўшчыну, як-бы сеткаю. Пытаньні, якіе ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі жыцьця арганізацыі. Часта тут падымаліся пытаньні агульна-дзяржаўные і агульна-грамадзянскіе. Грунтоўнейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне веры і культуры Беларусі. Брацтвы таго часу группавалі вокала гэтага пытаньня энэргічных, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны станавіліся на чале брацтваў і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла культурна-нацыянальная праца і абарона. З гарадоў яна пашыраецца і на вёскі, адбіваючыся і на вясковым сьвядомым элемэнце насяленьня.
Але барацьба была ня роўная. З заходу йшоў ня толькі культурны, але і політыка-сацыяльны уплыў. Да Польшчы пачынае цягнуць вышэйшы стан беларускага грамадзянства, манячыся „вольнымі хрысьціянскімі правамі“ каруны Польскай. Часта мы можам спаткацца з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі шчырых братчыкаў ужо пераходзяць у той лягер, з якім змагаліся іх бацькі і дзяды (Астрожскіе, Хадкевічы і др.). З цягам часу ўсё больш і больш культурных сілаў адрываецца ад той глебы, ад таго грунту, на якім яны працавалі раней. Інтэлігэнт Беларусі кідае свой працоўны народ і йдзе ў польскі бок. На варце Беларусі асталіся „худые і няслаўные“.
Брацтвы рабілі ў Беларусі культурна-нацыянальную працу. У склад брацтваў уходзіла больш сьвядомая інтэлітэнтная частка грамадзянства. Але апроч інтэлігенцыі істнавала на Беларусі многомільённая маса простага, працоўнага люду, якая гаравала куды больш інтэлігенцыі, бо яна зносіла ня толькі політычны, нацыянальны і рэлігійны ўціск, але яшчэ і соцыяльна-эконамічны ўціск. Апалячаны і акаталічаны шляхціц быў для гэтай працоўнай мужычай масы панам і прыгоншчыкам. Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, гдзе аблогам ляжалі вольные землі, куды панская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук, — на поўдзень, у шырокіе дняпроўскіе стэпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цягам часу ўсё больш і больш народу шукала ратунку ад уціску на поўдні, і к пачатку XVII-га сталецьця паўднёвые стэпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай украіне Рэчы Паспалітай адтрымала назву ўкраінскага.