Пасьля ўтварэньня вуніі у народзе пачало расьці абурэньне, якога ня мог ня бачыць урад. Пры каранацыі Уладыслава IV (1632 г.) Сойм павінен быў выдаць так-званые артыкулы для замірэньня народу, на аснове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае станавішча інаверцаў-дысыдэнтаў, ня было пэуным. Чым далей, тым ўсё больш і больш губіцца політычны розум Сойму. Усё часьцей і часьцей выдаюцца пастановы якіе не карысны ні каталіцкай веры, ні гаспадарству.
У 1732-м годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: „Людзям другіх вераў — праваслаўным і протэстантам — адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякіе асобные камісіі, што утвараюцца для якіх колечы справаў. Правы іх раўнуюцца з правамі габрэяў. Сойм 1764-го году ўхваліў пастанову караць сьмерцьцю тых, каторые пяройдуць з каталіцтва у другую веру. У 1766-м годзе сойм ўхваліў, як закон, такую прапазыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: „Абвяшчаць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на Сойме прамову на карысьць інаверцаў“.
Гонячыся за тымі благамі, якіе суліла каталіцтва, і баючыся тых збыткаваньняў, якіе былі звязаны з праваслаўем праваслаўная шляхта пераходзіць у польска-каталіцкі лягэр, кідаючы сваю родную веру і беларускую нацыянальнась. Яна (шляхта) ставіцца чужою для роднага краю, памірае для нацыянальнай справы. На варце праваслаўнай веры і беларускай нацыі асталіся толькі „худые і ня слаўные сяляне“.
Разам з політычным і рэлігійным ўплывам польскасьці, а так сама і асобна ад яго йшоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, атрымаўшы політычные правы і веру Польшчы, пачала атрымываць польскі уклад жыцьця. Польскіе звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеле рэлігійных мэтаў закладалі польскіе школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, гэтая польская „паліроўка“ пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторые атрымлівалі шляхоцкіе „вольные“ правы, каторые вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн., сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якіе хавалі беларускіе звычаі, культуру і мову. С цягам часу Беларусь амаль што ня ўсіх сваіх паноў аддала Польшчы. Але доўга яшчэ ўрадоваю, дзяржаўнаю моваю на Літве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце было ска-