Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

княстваў. Хоць татары разьбіты на Кулікавым полі (1380 г.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым маскоўскім самаўладзтве. Толькі пачынаючы з палавіны XV сталецьця ўмовы жыцьця Масквы як гаспадарства хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскага ханства. Замест аднае Залатой Гарды мы бачым некалькі гордаў, каторыя змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480 год прыносіць Маскоўскаму гаспадарству вызваленьне ад татарскай няволі. Усе дробныя ўдзельныя княствы ўжо страцілі свою незалежнасьць і ўвашлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. Вырасшы з невялічкага ўдзелу-вотчыны, Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і організацыю вотчыны зьберагае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваім удзеле-вотчыне. Ён нават лічыць, што ўсе землі рускіх славян ёсьць яго вотчына. «Вся Русская земля божиею волею из старины наша вотчина». Маскоўскі князь ужо забыўся, што «из старины» яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі ўдзел. І пэўна, справа тут ня ў старасьветчыне, а ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц, і, апіраючыся на яе, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласьнікам усяе Русі. Стары тытул вялікага князя маскоўскага ўжо не здавольвае, і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара маскоўскага і «всея Руси». З новаю сілаю падымаецца суперніцтва паміж заходнім літоўска-беларускім і ўсходнім маскоўскім гаспадарамі «Русі». Змаганьне за «вотчыну» цягнецца блізка 150 год. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, прасякаюць крывёю дзеля імпэрыялістычных мэт Маскоўскага гаспадарства.

У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандар Ягайлавіч, Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ён паклікаў татарскага крымскага хана Мэнглі-Гірэя, для каторага Беларусь хоць і ня была вотчынаю, але была месцам добрай спажывы. Пачаўся пагром нашае бацькаўшчыны з паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: каштоўнасьці паграбавалі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву і ў Крым. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі, аддаўшы Яну III[1] горад

  1. Яна III — Івана III.