Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жах муруюць моцныя замкі і руйнуюць пабудованыя замкі адны другіх. Наймацнейшым з літоўскіх замкаў таго часу быў замак ў Коўне. Многа раз падступаліся немцы да замку, многа раз прагнуліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглы чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нярухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы літвінаў на помсту немцам за іх бязупынныя рэйзы на Літву. Толькі сабраўшы вялікія ўзброеныя сілы і запрасіўшы на дапамогу суседніх і чужаземных рыцараў, немцы забралі, урэшце, гэты грозны, стойкі замак, ці, лепш кажучы, яго руіны, бо літвіны толькі тады перасталі яго абараняць, калі ён быў зусім ужо зруйнованы. Але і пасьля гэтага нямецкія рыцары ня доўга панавалі тут. Прашоў год, прашоў другі, і літвіны зноў, недалёка ад руін, з вялікаю стараннасьцю і мастацтвам пабудавалі новы замак, каторы быў ня менш моцны ад старога. Крыжакі зруйнавалі і гэты замак, але ён зноў быў адноўлены, і немцы больш не маглі зніштожыць яго. На гэтым прыкладзе мы бачым, з якою творчасьцю, зацятасьцю вялася барацьба з абодвых бакоў.

Не заўсёды так добра і пасьпешна йшла барацьба. Калі распачыналіся хатнія спрэчкі, Літоўска-Беларускае гаспадарства ня толькі не рабіла наступаў на крыжакоў, але само замешвала іх у свае дамовыя справы. Так рабілі, напрыклад, Кэйстут і Ягайла, каторыя зьвярталіся да крыжакоў, шукаючы іх дапамогі ў барацьбе за вялікакняжацкі пасад. Крыжакі ахвотна адклікаліся на гэтыя прызывы і ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць моц шкадлівага для іх суседняга гаспадарства. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю, каб змагацца са сваім упартым ворагам.

Змаганьне з немцамі было, паміж іншым, аднэй з прычын дынастычнага злучэння Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам польскім у 1386 годзе. І трэба згадзіцца з тым, што гэтае злучэньне было надта шкадлівым для нямецкіх ордэнаў. У 1410 годзе літоўска-беларускі гаспадар Вітаўт, разам з польскім каралём Ягайлам, даў немцам рашучую бітву пад Танэнбэргам ці Грунвальдам у Прусіі. Ордэнскае войска складалася з 80 тысяч, войскі саюзьнікаў — з 150 тысяч. Лічэбная перавага арміі была на старане Літоўска-Беларускага гаспадарства. Затое крыжацкае