Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

нават жаб. Таксама ёсьць у іх запаведныя лясы, палі і воды, дзе яны не адважваюцца ні рубіць дрэва, ні араць, ні лавіць рыбу». Як і ўсе арыйцы, літвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічачы агонь наймацнейшай боскай сілай. Пакланеньне агню было астаткам моцна разьвітага калісь культу продкаў. Дзеля гэтага агонь дамовага вогнішча быў сьвяшчэнным нават у пазьнейшыя часы, калі літвіны зрабіліся ўжо хрысьціянамі.

Найгалоўнейшым пэрсоніфікаваным богам лічыўся пан маланкі і грому — Пэркунас, падобны да ўсходня-славянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апрача яго, літвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наогул кажучы, рэлігія літвінаў была дужа падобна на паганскую веру ўсходніх славян. У ліку літоўскіх багоў спатыкаюцца нават добра вядомыя славянскія багі Лель і Лада, якія прадстаўляюць сабою сонца і чалавечую радасьць.

Да нашага часу шмат якія падручнікі кажуць аб тым, што ў літвінаў паганскага часу існавала добра організованая жрэцкая іерархія, на чале каторай стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назву Крыве-Крывейта, каторы быў ня толькі першай духоўнай уладай у літвінаў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на кроніцы канца XIII сталецьця Пётры Дюсбурскага, у каторай, паміж іншым, гаворыцца: «У літвінскага народу Прусаў было такое месца, звалася яно Ромаў. Гэтая назва мае свой пачатак ад назвы вечнага гораду Рыму. Тут, як у Ромаве, жыў нехта Крыве, каторага яны паважаюць, як папу. Як пан наш папа кіруе агульнаю царквою верных, так Крыве кіруе ня толькі памянёным народам (прусамі), але і Летамі і другімі народамі зямлі Літоўскай. Улада яго мела такую моц, што калі сам ён ці хто другі, ім пасланы, праходзіў па зямлі літвінаў, то ўсе князі, знатныя людзі і просты народ рабілі яму вялікую пашану». Вядомы профэсар Мяржынскі даводзіць, што гэтаму паданьню, запісанаму ў кроніцы, нельга даваць веры. Справа ў тым, што паданьне аб Крыве маецца толькі ў аднаго Пётры Дюсбурскага, а ўсе другія гістарычныя крыніцы — як старэйшыя, так і сучасныя яму — нічога не гавораць аб Крыве і аб яго ўладзе. Найпэўней, самае слова «Крыве» хутчэй магчыма разумець як уласнае імя