Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часы. Народ жыў сваім жыцьцём і тварыў сваю культуру. Ён сьпяваў свае песьні і быліны, баяў байкі, гутарыў пагаворкі і прыслоўі, складаў легэнды і другія творы. Культура народу ня была пісьменнаю культураю, а перадавалася з вуснаў у вусны. З прадстаўнікоў кніжнай асьветы першага пэрыоду гісторыі Беларусі мы павінны адзначыць: у Смаленску — Кліманта Смаляціча, у Тураве — Кірылу Тураўскага і ў Полацку — княжну Прадславу-Еўфрасінію.

Клімант Смаляціч жыў у першай палавіне XII сталецьця. Як кажа летапіс, гэта быў кніжнік, якога ня было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, чым манахам. У яго кельлі поруч з кнігамі сьвятога пісаньня, можна было знайсьці і айцоў царквы, з якіх ён атрымліваў веды аб антычных аўтарах: Гомэру, Плятоне і Арыстотэлі. Ён добра ўчытваўся ў літаратуру і бачыў, што ў ёй ёсьць шмат чаго такога, на што трэба зьвярнуць увагу і без чаго ня можна добра зразумець сьвятога пісьма. На яго погляд, антычныя аўтары былі зьвястунамі хрысьціянскіх ідэй сярод паганскіх народаў таксама, як старазаветныя прарокі сярод гэбрэяў.

Паводле вестак, якія дашлі да нас, Клімант быў вельмі працавіты і пладавіты аўтар: ён напісаў шмат кніжак, казаньняў, лістоў, тлумачэньняў і г. д. З усіх гэтых матэрыялаў да нашага часу дашоў толькі адзін ліст, напісаны Клімантам смаленскаму сьвяшчэньніку Фаме. Гэты ліст мае вялікую вартасьць затым, што ён сьведчыць пра кірунак мысьлі Кліманта і яго сучасьнікаў. Мы бачым, што тагочаснае грамадзянства цікавілася навукова-рэлігійнымі пытаньнямі, а з іх асабліва пытаньнем аб тым, як разумець і тлумачыць сьвятое пісьмо. Адны гаварылі, што разумець біблію трэба так, як напісана, г. ё. літаральна. Другія не здавальняліся такім тлумачэньнем і гаварылі, што зразумець сьвятыя кнігі можна толькі пры дапамозе сьвецкай навукі, напрыклад, антычных аўтараў17. Зразумела, што такое тлумачэньне ўжо не магло быць літаральным. Сам Клімант, як гэта відаць з кірунку яго мысьлі, трымаўся гэтага погляду. Паміж спрэчнымі старонамі спрытна йшла полеміка, у якую паміма волі ўцягвалася і мясцовае грамадзянства.

Другі прадстаўнік кніжнай асьветы ў Полаччыне, Кірыла Тураўскі, жыў таксама ў XII сталецьці. Гэта быў ня столькі габінэтны вучоны, як Клімант,