Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тут вынес на сваіх плячох. Апроч таго, сваё палажэньне ў Кіеве ён, мабыць, ня лічыў моцным, бо ня меў тут такой сувязі з масамі, якую меў на бацькаўшчыне.

Далей справа разьвярнулася так. Прагнаты з кіеўскага пасаду Ізяслаў зьвярнуўся за дапамогаю да караля польскага Баляслава. Апошні з польскімі войскамі зьявіўся ў Кіеўшчыну, каб пасадзіць Ізяслава на цёплае месца. Кіеўскае войска выступіла насустрэчу і стала пад Белгарадам. Сярод кіеўлян, відаць, былі нейкія нелады. Відаць, тут пачала выяўляць сябе партыя, якая стаяла за выгнанага Ізяслава. Няхочучы ўпутвацца ў справы, каторыя былі вельмі няпэўныя, князь-чарадзей кінуў войска і ўначы ўцёк у далёкую Полаччыну, каторая забясьпечвала яму падтрыманьне і пэўнае месца. Усе гэтыя падзеі так апісвае пясьняр «Слова аб Ігаравым палку»: «Кінуў жэраб’е Усяслаў, даткнуўся пікаю да залатога пасаду кіеўскага. І пабег ён зьверам лютым ад іх аб поўнач з Белгараду і зьнік у сіняй смузе».

Ізноў пашло змаганьне паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю, паміж Рагваложымі ўнукамі, Ізяславічамі і Ўладзімеравым племем — Яраславічамі. Сярод апошніх у гэтыя часы ўжо ўзрасла новая працавітая і даравітая асоба — Уладзімер Манамах, сын Усевалада Пераяслаўскага. Шмат гора і бяды прынёс Полаччыне гэты добра вядомы нам з агульна-расійскай гісторыі вялікі князь Кіеўшчыны. Многа раз пад яго кіраўніцтвам злучаюцца паўднёвыя князі, каб руйнаваць і нішчыць Полацкую тэрыторыю, каб палоньнікамі, узятымі з яе абшараў, запаўняць паўднёвыя рынкі. Два разы ўдавалася Яраславічам прагнаць Усяслава з полацкага пасаду, але ён зноў і зноў варочаўся назад у Полаччыну, бо яго падтрымлівала насяленьне полацкае.

Апошні паход на полацкую зямлю адбыўся ў 1084 г. Уладзімер Манамах сабраў вялізнае войска і павёў яго на поўнач. Дашлі да Менску. Горад быў узят і зруйнован дашчэнту. Воі Уладзімера, як кажа летапіс, «не оставіша ні челядніна, ні скотіны, вся разграбіша і пажгоша». Доўга потым Менск памінаў нядобрым словам кіеўскага князя Манамаха.

Гэтым паходам, здаецца, і закончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быў ужо вельмі стары. Цяжкае, поўнае працы і барацьбы, жыцьцё засьмірыла яго разум; «хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў». Пасьля 57 год князяваньня пашоў гэты працаўнік спачываць у сырую зя-