Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

суседкі, каб зрабіць вунію інкорпорацыяй Літвы і Беларусі ў організм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі была згублена. Валынь, Падольле і Падлясьсе былі залічаны землямі Польскай Кароны. На сойме 1697 г. была зроблена пастанова аб польскай мове як дзяржаўнае мове. Поруч з мовай сталі панаваць польская культура, польскі соцыяльны і політычны лад і каталіцкая вера. Літвіны і беларусы вышэйшых станаў апалячваліся, адыходзілі ад бацькаўшчыны сваёй, ад свайго народу. Пакінуты імі просты беларускі народ, каторы ў гэтыя часы быў ужо запрыгоненым, захаваў сваю старую мову, старыя звычаі і веру. Але ён ня меў ужо моцы зьберагчы і пашырыць беларускую культуру. Пад політычнай і культурнай уладай Польшчы Беларусь была да канца XVIII веку.

Дзякуючы вялікім і зацяжным недахватам соцыяльнага, політычнага і царкоўна-рэлігійнага жыцьця гаспадарства Рэчы Паспалітай у канцы XVIII сталецьця зусім заняпала і прышло, урэшце, да поўнага свайго распаду. Суседнія дзяржавы выкарысталі ўпадак соцыяльна і політычна гнілое Польшчы. Полыпча была падзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Беларуская тэрыторыя ўвайшла ў склад Расійскай імпэрыі. Імпэратрыца расійская, прыняўшы пад сваю «вялікую руку» Беларусь, абяцалася захаваць «на вечныя часы» ў прылучаных беларускіх землях грамадзянскую вольнасьць і вольнасьць сумленьня паводлуг старых звычаяў і прывілеяў. Само сабою разумеецца, што гэтыя звычаі і прывілеі панска-шляхецкай По-льшчы былі ў соцыяльна-грамадскім сэнсе вельмі шкадлівы для працоўных мас беларускага народу. Такая політыка расійскага ўраду йдзе да часу кіраваньня Мікалая I. Урад увесь час няньчыцца з панам-палякам, робячы адначасна соцыяльна-нацыянальны націск на мужыка-беларуса. З часу Мікалая I справа пашла некалькі йначай. Пасьля польскіх паўстаньняў польскія паны на Беларусі як-бы страцілі ласку расійскага ўраду, але ад гэтага ня стала лепш беларускаму мужыку. Некаторых зямляўласьнікаў-палякаў замянялі зямляўласьнікі, што вышлі з расійскай бюрократыі, і соцыяльны ўціск ніколі не зьмяншаўся. Праўда, прыпыніўся польскі культурна-нацыянальны ўціск; затое яго месца заняў расійскі культурна-нацыянальны ўціск. Беларусу было забаронена асобным указам нават мець кнігу, друкаваную ў яго роднай мове. Ня гледзячы на гэтае, якраз у гэты перыод у Беларусі пачынаецца рух, каторы мае клясавы і нацыянальна-культурны кірунак.

Толькі сучасная вялікая рэволюцыя, разваліўшы царскую Расію, вызваліла Беларусь і дала ёй магчымасьць пачаць новае жыцьцё на зусім новым грунце.