Стаіць за ракой на гары хатка, а ў ёй дзеўка тчэ кросны. Белыя рукі ня знаюць спачыну. Прыйдзе час — прыйдзе Янка. Не, ня борзда яшчэ, бо цяжкая праца ягоная, але будзе канец.
Вецер вые за вуглом, несупакойна лес шуміць.
Дрэме чакае сэрца дзявоцкае, а ў ім спачывае Янка.
Сонца схавалася за бор, цямнота спадае на хатку і векі дзеўкі прычыняюцца.
Вецер дзьме й стукае ў ваконца. Не, ня вецер гэта стукае, гэта Янка прышоў. Мар’яна, адчыні дзьверы!
Як вецер рванулася дзеўка, кінулася да вакна. Прышоў? Ня вытрываў?
Пацямнелі вочы пагодныя, як неба хмарай абложанае, у іх маланкі замігцелі.
Пусьці мяне, Мар‘яна!
Адна часіна — даўгая вечнасьць. Пагасьлі агні ў хмарных вачох. Моўчкі стаіць дзеўка.
— Яшчэ ня час!..
Рукі твае яшчэ моцныя, як зялеза, а сэрца тваё гарыць агнём. Маеш час, Янка, працу скончыць трэба. Ідзі, Янка!..
Як ціха на сьвеце! Толькі муха зьвініць у цямноце, гэта павук смокча яе кроў. Ціха на сьвеце. Імгла засьцілае вочы.
Ізноў стукае. Янка? Ах, не, гэта беднае сэрца дзявоцкае стогне й жаліцца й просе вярнуцца Янку, а вусны кажуць: ідзі. Ціха.
Хата стаіць на гары, скрывіўшыся. Там дзеўка тчэ кросны, Янку свайго чакае. Сонейка веснавое ўстае, ласкава, як матка, грэе. Па руні раса дыямантамі рассыпалася.
Янка ідзе. Выйдзі, спаткай, Мар’яна! Дай руку сваю, дзеўка, бо сілы меней ужо ў жылістых руках здаецца дый сьвет цямнее ў ваччу. Памажы, Мар’яна, Янцы, гдзе ты?
Вецер дзьверы рашчыніў прыветна. Пуста ў хаце. Гдзе, Мар’яна? Рана?..
Не, ня рана, але…
…позна — шапочуць бярозкі плакучыя.
Авадзень гудзіць: позна!..
Позна, — скрыпнула старая хаціна.
Не дачакала свайго каханага. Мо’ памерла? Не, другі прышоў, дужшы і з дужшым пашла дзеўка.
Ах, пагасла зорка пуцяводная! Сілы няма. Дамавіна ў сэрцы Янкі, у дамавіне дзеўка сьпіць.