Перайсці да зместу

Старонка:З роднае Сакольшчыны (1937).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выклікае рэха. У найбольш гарачую пару калатні соймавых партыяў людзі кінуўшы картачку на адзін са шматлікіх нумароў больш ня цікавіліся, каго выбралі, які лёс сабе яны нарыхтавалі.

Дзівіцца ня будзем з такіх адносінаў. Народ вякамі стагнаўшы ў паняволеньні, прыгоне не перажыў патрэбнага ўздойму пачуцьцёвага, не ўяўляе рэальнасьці сучаснага палітычнага ладу. Аб адносінах да ўлады, аўтар гаворыць даслоўна: „могуць уладзе падпарадкавацца ці проці яе бунтавацца, не разумеюць яе“… (бачына 203).

З дзейнікаў, якія беспасярэдне ўплываюць на перамену такога становішча, аўтар спыняецца над школаю, асьветаю зашкольнаю і прэсаю. Нічога ня кажа аб адным яшчэ магутным дзейніку — касьцёле і царкве. Агулам, аўтар не дацэнівае ролі гэных конфэсыйных установаў. Мы мусім сказаць, што шлях нармальнага разьвіцьця ўсіх чатырох дзейнікаў працуе на першы пагляд проці нас. Будучыня пакажа, наколькі мы будзем жывучы ці на колькі зможам проціставіцца ў плошчы канкрэтнае саліднае работы культурна-асьветнае.

Народ у Ясяноўцы вельмі ашчадны. Ашчаднасьць між іншым праяўляецца ў шмат якіх хатніх абычаях, вопратцы, ежы і г. д. Церазпалосіца ад вякоў прымушае да канкрэтнага ладу жыцьцёвага. Аснаўным пасілкаваньнем будзе не абед, як гэта прынята ўсюды, а сьнеданьне. На абед было-б лішне далёка варочацца з поля да хаты, часта за 4—5 клм., дык гаспадыня варыць адзін раз раніцаю, а палуднуюць у полі. Лета — гэта аснаўны сэзон, сьляды якога наглядаем у агульным ладзе хатнім і гаспадарчым.

Ашчаднасьць дрэва, форма печак вось яшчэ прычыны такога, а ня іншага ладу. Кухня вельмі скромная і аднабокая. Стравы мала мяняюцца ў розных сэзонах. Кухня багатых гаспадароў (багатым завецца ўласьнік 8—12 гэктараў) аднолькавая з суседзямі бяднейшымі.

Форма гаспадаркі прымітыўная. Можна казаць, што лад заведзены валочнаю ўстановаю з 1557 г. датрываў да нашых дзён. Сучасная комасацыя заводзіць новы лад, які ў шмат у чым розьніцца на лепшае ад таго, што было дагэтуль. Сяньняшні гаспадар розьніцца ад свайго прадзеда, што не гарэ валамі ды сахою, а карыстаецца плугам ды канём, што мае спранжыноўку замест ці побач дзераўлянае бараны ды мо’ яшчэ тым, што сее лубін і сэрадэлю. Ясна, што і гэта поступ, толькі што як трохпалёўка заядала 100 і 200 гадоў, гэтак заядае яна і сяньня. Сыстэма гэная раўняла гледзячы на горшых і на горшае, а не на лепшых.

Рабочую вопратку шыюць з самадзелу. Сьвятам маладое пакаленьне апранаецца ў фабрычныя „гарнітары“. Хусьця нацельнае і пасьцельнае сваё кужэльнае. Зьверхняя цёплая вопратка саматканая, са свае воўны, а кажухі са сваіх авечак.