Беларуская арганізаваная работа ідзе там і сяньня, толькі мае йнакшы характар, інакшую тактыку, чымся ў другіх раёнах. Дзеля гэтага і наш падыход і адносіны да людзей і тэрыторыі мусяць быць іншыя. Першым крокам да таго — ведаць народ, ведаць псыхолёгію мясцовую. Сакольшчыну сяньня трэба нам вывучыць, ня трэба аб ёй забывацца.
∗
∗ ∗ |
Монографія Крыштофіка цікуе аб адной толькі вёсцы, да таго-ж з захадняе часткі павету Сакольскага. Аўтар маніцца прадставіць толькі зямельную праблему ў гістарычным аспекце, аднак сабраў столькі цікавага матарыялу гістарычнага, эканамічнага, соцыяльнага, бытавога на шырокай асноведзі псыхолёгічнай, што гэта дае нам магчымасьць пазнаёміцца ня толькі з адною вёскаю, а з цэласьцю гэнае тэрыторыі.
Насельніцтва тутака мае шмат асаблівасьцяў. Да ХІV стагодзьдзя зямля тутака заселена Яцьвягамі. Толькі пад канец XIV ст. прыходзяць каляністыя і, наколькі можна судзіць з прозьвішчаў, каляністыя ідуць з усходу. Гэта тэрыторыя экспансіі беларускае. Прозьвішчы сучасныя Клімушко, Церэшко, Аўсейко, Карпеня, Сапко, Кулак, Крагель, Андрэйчык і г. д. паказываюць на чыста беларускае іх паходжаньне. Прозьвішчы такія, як Ровдэлі, Жымелі, Шыпіто, Сампляс, Кімшало, Шаргяло і г. д. — што шмат іншае крыві — яцьвяскае ды літоўскае — ўлілося і зьмяшалася са славянскаю — беларускаю. Ёсьць магчыма і сьляды татараў. Родная мова насельніцтва, як аўтар лёяльна пацьвярджае, — беларуская. Мова ваколіцаў Ясяноўкі крыху мягчэйшая. Найбольш ярка бачым гэта ў такіх формах, як „сьмяецьця“… бярэцьця“ і т. п. Веравызнаньне мяшанае, з большасьцю каталікоў. Суадносіны паміж вернікамі розных веравызнаньняў добрыя, ня гледзячы на ўсякія падзеі ў мінуўшчыне ды сучаснасьці. Яшчэ дасюль прымета канфэсыйная: „вера руская і польская“ — зьяўляюцца лініяю падзелу ў шмат якіх галінах грамадзкага жыцьця.
Ясяноўка — характэрны прыклад долі ці лепш нядолі нашага народу. У ХVІІ ст. жыло ў вёсцы 31 сем’яў — каля 255 душ. У XVIII ст. было толькі каля 90 жыхароў. З раней асеўшых людзей мала хто астаўся, сустракаем у сьпісках усё новыя прозьвішчы. Розныя войны дзяржаўныя і „няціхоты“ хатнія паміж панамі, розныя пошасьці пакідалі парожнія вёскі, а народ нейдзе прападаў. Сьлед пасьля такіх войнаў быў заўсёды пэўны адзін, што работа на землях каралеўскіх ці панскіх аставалася меншай колькасьці людзей. Галіта прыганятых, культурная адсталасьць — гэта прыметы, без якіх ня можна сабе ўявіць колішняга селянініна беларускага.
Не ўваходзячы ў прычыны, якія выклікалі акт 1861 г., канец паншчыны быў і ў Ясяноўцы пачаткам новае пары. Яшчэ ў 1823 г. на 30 хатаў у вёсцы ў 14-ці жыло больш чымся 5 асо-