Старонка:З пушкі на Луну.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Назаўтра досвіткам, 23 кастрычніка, перад вокнамі гасцініцы стаялі ўжо маленькія, але поўныя сілы і агню іспанскія конікі, якія шалёна білі капытамі. Але, замест чатырох коней, аказалася цэлых пяцьдзесят і столькі-ж коннікаў. Барбікен і яго таварышы спачатку вельмі здзівіліся, убачыўшы такую кавалькаду. Акрамя таго, Барбікена здзівіла і тое, што кожны коннік быў узброены карабінам і параю вялізных пісталетаў, закладзеных у сядло. Адзін малады фларыдзец адразу растлумачыў яму прычыну такога моцнага ўзбраення.

— Можаце сустрэць семінолаў.

— Якіх семінолаў?

— Індзейцаў, якія бродзяць па стэпу; таму мы рашылі суправаджаць вас, на ўсякі выпадак…

— Пш! — сказаў адважны сакратар Пушачнага клуба тонам пагарды да ўсякай небяспекі; пры гэтым ён зачапіў сваім кручком за сядло, каб узлезці на свайго каня.

— Гэта, ведаеце, на ўсякі выпадак… Будзе спакайней, — дадаў фларыдзец.

— Вельмі вам удзячны за вашу ўвагу і ласку, — адказаў Барбікен, — а цяпер — марш!

Кавалькада адразу кранулася і хутка знікла ў воблаках пылу. Было ўсяго пяць гадзін раніцы: сонца ўжо ярка свяціла, тэрмометр паказваў 28 градусаў у цені, але парыванні свежага ўзбярэжнага ветру стрымлівалі гэту празмерную спёку. Падарожнікі накіраваліся на поўдзень, удоўж берагу, каб дабрацца да рэчкі Аліфія, якая ўліваецца ў бухту Гілісборо, кілометраў за восемнаццаць ніжэй Тампа.