Старонка:З пушкі на Луну.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

казаў ён далей. — Проста дарма жывеш на свеце! Дзе той час, калі раніцой нас будзілі вясёлыя стрэлы пушак?

— Мінуў шчаслівы час! — адказаў заўзяты Білсбі, машынальна імкнучыся развесці рукамі, якіх у яго не было. — Добры быў час! Бывала, вынайдзеш мартырку; тут-жа яе адальюць, і — марш з ёю на першае выпрабаванне проста па ворагу! Затое і начальства, бывала, пахваліць і руку пацісне. А цяпер генералы вярнуліся ў свае канторы і, замест снарадаў, выпускаюць… бясшкодныя кіпы бавоўны са сваіх складаў. Будучае артылерыі ў Амерыцы рысуецца мне ў самых цёмных фарбах!

— Правільна, Білсбі! — крыкнуў палкоўнік Блемсберы. — Страшэннае расчараванне!.. Нашто пакінулі мы свае заняткі, свае дамы, сваю родную Балтымору? Нашто рабілі мы геройскія ўчынкі на полі бітвы? Няўжо толькі для таго, каб праз два-тры гады застацца без нічога?.. Сядзі цяпер без работы, заклаўшы рукі ў кішэні!

Праўду кажучы, ваяўнічаму палкоўніку цяжка было-б паказаць, як ён закладвае рукі ў кішэні: кішэні ў яго былі, а рук не засталося.

— Ніякай вайны нават не прадбачыцца! — сказаў тады папулярны Дж. Т. Мастон, чухаючы гутаперчавы чэрап жалезным кручком сваёй былой рукі. — Ні аднаго воблачка на палітычным гарызонце!.. І гэта — у такі час, калі ў артылерыйскай навуцы асталося яшчэ столькі прабелаў! Аб сабе магу, напрыклад, сказаць… Я сёння раніцой закончыў чарцяжы новай мартыры — такой мартыры, якая можа нават змяніць законы вайны!..

— Праўда? — усклікнуў Том Гентэр, якому мімаволі ўявілася карціна апошняга «выпрабавання» высокашаноўнага Мастона.