Старонка:З пушкі на Луну.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Правільна! Верна! Вядома! — пачулася шмат галасоў.

— Але нашы граніцы недастаткова даходзяць да поўдня. Нам неабходна мець дваццаць восьмую паралель, хаця-б за межамі Злучаных Штатаў, і гэта — законны повад да вайны. І я патрабую, каб была аб’яўлена вайна Мексіцы!

— Навошта? Чаму? Не трэба! Не! — пачулася з усіх бакоў.

— Не?! Вы кажаце: не? — закрычаў Мастон. — Мяне здзіўляе слова «не» ў гэтым месцы, у вуснах членаў Пушачнага клуба!

— Але паслухайце-ж, Мастон… — пачаў быў старшыня.

— Не хачу слухаць! Ніколі не згаджуся з гэтым «не»! — крыкнуў у адказ ваяўнічы аратар. — Рана ці позна гэта вайна немінуча, і я патрабую, каб яна была аб’яўлена безадкладна.

Пачуліся стрэлы старшынскага званка. Мастон сціх.

— Мастон, — аб’явіў Барбікен, — я пазбаўляю вас слова.

Мастон імкнуўся супярэчыць, але ўсталі яго суседзі, і ім удалося яго стрымаць.

— Я сам той думкі, — сказаў Барбікен, пачынаючы сваю старшынскую прамову, — што наш дослед павінен быць пастаўлен толькі на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Але, калі-б мой нецярплівы сябра даў мне выказацца, калі-б ён патурбаваўся раней глянуць на любую карту Злучаных Штатаў, дык пераканаўся-б, што няма ніякай патрэбы аб’яўляць вайну нашым суседзям, бо некаторыя граніцы Злучаных Штатаў пераходзяць за дваццаць восьмую паралель к поўдню. Я разгарнуў карту,