Старонка:З пушкі на Луну.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такім чынам, трэба было дакладна вызначыць мясцовасць, дзе адліваць калумбіяду.

На 20 кастрычніка быў склікан агульны сход Пушачнага клуба. Барбікен прынёс вельмі добрую карту Злучаных Штатаў. Старшыня аб’явіў паседжанне адкрытым, але не паспеў яшчэ разгарнуць сваю карту, як Мастон, са звычайнай палкасцю, папрасіў слова.

— Паважаныя калегі, — закрычаў ён з месца ў кар’ер, — пытанне, пастаўленае на сёнешнім паседжанні, мае вялікае нацыянальнае значэнне. Яно дае нам выпадак даказаць наш патрыятызм!

Члены Пушачнага клуба пераглянуліся. Ніхто яшчэ не разумеў, куды верне аратар.

— Ніхто з вас, — зноў пасля кароткай паузы панёсся Мастон, — не дапусціць і думкі адмаўляцца ад славы сваёй бацькаўшчыны, і калі існуе права, якое павінна належаць выключна Саюзу Злучаных Штатаў, дык гэта права заключаецца ў тым, каб велізарная гармата Пушачнага клуба была адліта ў межах нашай бацькаўшчыны! Але пры існуючых умовах…

— Брава, Мастон! — перапыніў старшыня.

— Дазвольце мне развіць маю думку, — працягваў аратар з такой-жа імклівасцю. — Пры існуючых умовах мы павінны для ўдачы нашага вялікага доследа выбраць месца, даволі блізкае да экватара…

— Дазвольце мне… — паспрабаваў быў Барбікен спыніць Мастона.

— Я патрабую свабоды слова, — засупярэчыў палкі сакратар Пушачнага клуба, патрабую, каб тэрыторыя, з якой паляціць наш пераможны снарад, належала Злучаным Штатам!