Старонка:З пушкі на Луну.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

11 000 метраў у секунду; затым ён сцвярджаў, на аснове ўласных вылічэнняў, што нават пры скорасці ў 11 000 метраў ядро калумбіяды не вылеціць за межы зямной атмасферы, таму што вага яго вельмі вялікая, і гэтая вага дазволіць снараду падняцца на вышыню толькі трыццаці двух кілометраў, пасля чаго Зямля зноў прыцягне яго да сябе. Больш таго. Нават пры ўказанай скорасці, калі лічыць яе дастатковай, снарад не дасягне мэты, таму што не вытрымае велізарнага напору тых газаў, якія адразу разаўюцца пры ўспалымненні 1 600 000 фунтаў пораху. І апошняе, знутры пушкі будзе такая высокая тэмпература, што снарад, пры вылеце з калумбіяды, увесь расплавіцца і ўпадзе гарачым металічным дажджом на галовы лёгкадумных гледачоў гэтага вар’яцкага стрэлу.

Барбікен-жа рабіў далей сваю справу, не звяртаючы — ці, прынамсі, не паказваючы — ніякай увагі на гэтыя дакоры.

— Нават брывом не павядзе! — усклікаў палкі Мастон, які, вядома, гатовы быў учапіцца сваім жалезным кручком ў Ніколя за яго злосныя і вельмі часта несумленныя нападкі на Барбікена.

Тады капітан Ніколь пачаў атаку з другога боку. Ён пачаў пісаць, што справа Барбікена не толькі бязмэтная і бескарысная, з якога-б пункта не глядзець на пытанне, але і яшчэ надзвычай небяспечная. Яна небяспечная як для грамадзян, якія прыдуць паглядзець на гэтае непрыстойнае прадстаўленне, так і для гарадоў, якія размешчаны паблізу месца будучага стрэлу. Акрамя таго, калі толькі ядро не даляціць да Луны — што не падлягае сумненню, — то яно, відавочна, зноў упадзе на Зямлю. Але энергія падзення такой масы роўна велічыні гэтай масы, памножанай на квадрат ско-