Старонка:З пушкі на Луну.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Знайшоўся чалавек — праўда, адзіны на ўсе Злучаныя Штаты, — які пратэставаў супроць справы Пушачнага клуба. Ён пачаў і гаварыць і пісаць насуперак грамадскай думцы, не ўпускаючы ні аднаго выпадку напасці на праект Барбікена. Ён выступіў з цэлым радам гарачых абвяржэнняў усіх яго доказаў. А натура чалавека такая, што Барбікен больш прыслухоўваўся да нападаў аднаго гэтага чалавека, чым да сімпатыяў і шумных ухваленняў усіх астатніх грамадзян Злучаных Штатаў.

Між тым яму добра была вядома прычына варожасці гэтага чалавека, бо яна была даўняга паходжання і насіла асабісты характар. Ён ведаў, што іх узаемная варожасць узнікла з самалюбнага саперніцтва.

Аднак, старшыня Пушачнага клуба ніколі не бачыў свайго даўняга, заядлага непрыяцеля, і гэта — на шчасце для абодвух, таму што сустрэча іх, напэўна, мела-б самыя сумныя вынікі.

Гэты непрыяцель Барбікена быў такі-ж вучоны, як Барбікен, такая-ж гордая, адважная, палкая, упартая натура, — адным словам, такі-ж самы янкі. Звалі яго капітан Ніколь, і жыў ён у Філадэльфіі.

Многія, пэўна, памятаюць, якое цікаўнае і палкае саперніцтва ў час грамадзянскай вайны ўзнікла між пушачным ядром і броняю ваенных караблёў: ядро прызвана было прабіваць усякую броню, а броня павінна была паспяхова працівіцца ўсякаму ядру. Гэта, між іншым, павяло да карэннай рэарганізацыі ваеннага флота не толькі ў Амерыцы, але і ў Еўропе. Ядро і броня аб’явілі адно аднаму вайну не на жыццё, а на смерць.

З беспрыкладнай паслядоўнасцю ядро ўсё павялічвалася, а броня ўсё таўсцела. Вядомыя ваенныя судны амерыканцаў: «Мерымак», «Манітор», «Рэм-