Старонка:З пушкі на Луну.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пораху. Далей: паколькі можна без усякай небяспекі спрасаваць пяцьсот фунтаў бавоўны ў прасторы 0,764 кубічных метра, то ўвесь наш парахавы зарад зойме ў канале калумбіяды не больш шасцідзесяці метраў. Такім чынам, снараду прыдзецца вытрымаць на астатняй прасторы напор шасці мільярдаў літраў газаў, перш чым ён вылеціць з пушкі ў напрамку да Луны.

Тут ужо Мастон не змог стрымаць свайго захаплення. Ён кінуўся абдымаць свайго друга амаль са скорасцю пушачнага снарада і, канешна, прабіў-бы яго, калі-б Барбікен не быў зроблен з матэрыялу, здольнага вытрымаць нават удары бомбы.

Гэтым закончылася трэцяе паседжанне камітэта Пушачнага клуба. Барбікен і яго смелыя таварышы, для якіх не існавала нічога немагчымага, бліскуча вырашылі складаныя пытанні аб снарадзе, аб гармаце і аб пораху. План быў гатовы, заставалася толькі выканаць яго.

— Ну, гэта ўжо драбніца, сапраўднае глупства, — сказаў сакратар Пушачнага клуба Дж. Т. Мастон.


РАЗДЗЕЛ ІХ

Адзін непрыяцель на дваццаць пяць мільёнаў прыяцеляў

Амерыканскае грамадства напружана сачыла за найменшымі падрабязнасцямі справы Пушачнага клуба. Чытачы дзень за днём абмяркоўвалі спрэчкі яго Выканаўчага камітэта. Уся падрыхтоўка да вялікага доследа, усе лічбы, усе механічныя цяжкасці, якія трэба было адолець, — адным словам,