Старонка:З пушкі на Луну.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Тым не менш, — сказаў Барбікен, — я настойваю на такой іменна колькасці пораху. Падумайце добра. Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў пораху разаўюць шэсць мільярдаў літраў газу. Шэсць мільярдаў! Чуеце?

— Што-ж тады рабіць? — запытаў генерал збянтэжана.

— Што рабіць? — сказаў Барбікен. — Неабходна перш за ўсё скараціць гэтую велізарную колькасць пораху, але без страты для яго рухаючай сілы.

— Надзвычайна! Але якім-жа чынам? — запытаў маёр.

— Я вам зараз скажу, — спакойна і проста адказаў Барбікен.

Слухачы так і ўтаропіліся ў яго вачыма.

— Сапраўды, нічога няма лягчэйшага, — гаварыў далей Барбікен, — як скараціць у чатыры разы аб’ём патрэбны для ўказанай колькасці пораху. Безумоўна, вы ўсе ведаеце тое цікавае вешчаство, з якога складаюцца тканкі раслін і якое называецца клятчаткай.

— Ах! — усклікнуў маёр. — Я вас разумею, дарагі Барбікен.

— Гэтае вешчаство, — казаў далей старшыня, — сустракаецца ў прыродзе ў зусім чыстым выглядзе, напрыклад у бавоўне, якая прадстаўляе сабою пух на насенні бавоўніка. Пры злучэнні на холадзе з азотнай кіслатой клятчатка ператвараецца ў вешчаство, якое зусім не раствараецца, добра гарыць і ўладае вялікай выбуховай сілай. У 1846 годзе Шэнбейн, прафесар хіміі ў Базелі, прапанаваў яго ў якасці пораху для ваенных мэт. Гэта порах, які спачатку называлі нітраклятчаткай.

— Або піраксілінам, — заўважыў Эльфістон.

— Або грымучаю ватай, — дадаў Морган.