Старонка:З пушкі на Луну.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пяцьсот тысяч! — засупярэчыў маёр.

— Восемсот тысяч! — крыкнуў Мастон.

На гэты раз і маёр не адважыўся папікнуць палкага сакратара Пушачнага клуба за пераўвелічэнне. Сапраўды, патрабавалася дакінуць да Луны дзевяцітонны снарад, а для гэтага трэба было надаць яму першапачатковую скорасць у 11 000 метраў у секунду.

Настала пауза. Нарэшце, загаварыў Барбікен.

— Дарагія таварышы, — сказаў ён спакойным голасам, — выходзячы з асноўнага палажэння, што сіла супраціўлення сценак нашай пушкі бязмежна, я здзіўлю вас і нават паважанага Дж. Т. Мастона: ён быў вельмі нясмелы ў сваіх меркаваннях. Яго восемсот тысяч фунтаў я прапаную падвоіць.

— Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў! — усклікнуў Мастон, падскочыўшы ад здзіўлення.

— Так, не менш.

— Але ў такім выпадку выходзіць па-мойму, што пушка павінна быць даўжынёю ў поўмілі!..

— Відаць, так, — пацвердзіў маёр.

— Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў пораху, — казаў далей сакратар камітэта, — будуць займаць прастору каля васьмісот кубічных метраў. Ваша пушка даўжынёю ў трыста метраў — з аб’ёмам усяго каля двух тысяч кубічных метраў — будзе набіта порахам амаль да палавіны. Але тады астатняя прастора ўнутры пушкі не будзе мець дастатковай даўжыні, каб пашырэнне парахавых газаў аказала сваё поўнае дзеянне на снарад…

Меркаванні Мастона былі цалкам правільныя і не дапускалі ніякіх супярэчанняў. Маёр, генерал і нават Мастон разгубіліся. Яны, здавалася, прышлі да невырашальнай супярэчнасці. Позіркі іх спыніліся на старшыні.