Старонка:З пушкі на Луну.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго механічную сілу. Між тым гэта было пытанне вельмі важнае для поспеху справы Пушачнага клуба.

Адзін літр пораху важыць прыблізна 2 фунты; пры загаранні ён развівае амаль умомант газы пры тэмпературы каля 2400 градусаў; пры свабодным расшырэнні гэтыя парахавыя газы могуць заняць прастору ў 4 000 літраў. Такім чынам аб’ём пораху адносіцца да аб’ёму развіваючыхся з яго газаў, як 1 да 4.000. Адсюль лёгка ўявіць сабе той страшны напор, які павінны зрабіць гэтыя газы, калі яны сціснуты ў прасторы, у 4 000 разоў меншай за іх нармальны аб’ём.

Гэтыя асноўныя даныя былі добра вядомы ўсім членам камітэта Пушачнага клуба, і пры адкрыцці паседжання 10 кастрычніка Барбікен даў першае слова маёру Эльфістону, які ў час вайны быў галоўным начальнікам парахавой часткі ў арміі федэралістаў паўночных штатаў.

— Дарагія таварышы, — сказаў гэты выдатны спецыяліст, — прывяду вам спачатку бясспрэчныя цыфры, якія павінны паслужыць асновай для нашых уласных заключэнняў. Дваццацічатырохфунтовае ядро, аб якім нам пазаўчора гаварыў паважаны Дж. Т. Мастон так паэтычна, выкідаецца з гарматы шаснаццаццю фунтамі пораху — толькі шаснаццаццю.

— Ці лічыце вы гэту цыфру правільнай? — запытаў Барбікен.

— Абсалютна правільнай, — адказаў маёр. — На зарад пушкі Армстронга, страляючай васьмісотфунтовым снарадам, ідзе толькі семдзесят пяць фунтаў пораху, а калумбіяда Родмэна, пры двухсотшасцідзесяціфунтовым зарадзе пораху, заносіць поўтоннае ядро на шэсць міль. Гэтыя даныя