Старонка:З пушкі на Луну.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я той-жа думкі, што названыя размеры былі-б зусім малыя, — сказаў Барбікен, — а таму прапаную ўчацвярыць гэту даўжыню, г. зн. адліць пушку даўжынёю ў трыста метраў.

Генерал і маёр крыху засупярэчылі, але, не гледзячы на гэта, прапанова Барбікена, пры гарачай падтрымцы сакратара Пушачнага клуба, была канчаткова прынята.

— Цяпер, — сказаў Эльфістон, — пытанне аб таўшчыні сценак…

— Я мяркую: два метры. Згодна маіх вылічэнняў гэтага зусім дастаткова і вельмі надзейна, — адказаў Барбікен.

— Вы, канешна, не мяркуеце паставіць такую велізарную масу на лафет? — запытаў маёр.

— А было-б цудоўна! — усклікнуў з захапленнем сакратар.

— Але гэтага нельга выканаць, — адказаў Барбікен. — Не, я думаю адліць гэтую гармату ў зямлі; акрамя таго, трэба звязаць яе тоўстымі абручамі з кованага жалеза ды яшчэ замураваць у тоўстыя каменныя сцены. Такім чынам гэтыя сцены, а таксама і навакольны грунт зямлі будуць удзельнічаць у агульным супраціўленні напору парахавых газаў. Усё разам здольна аказаць цалкам надзейнае супраціўленне каласальнаму выбуху парахавых газаў…

— Ура! — крыкнуў Мастон. — Пушка гатова!

— Яшчэ не, — казаў далей Барбікен. — Прыдзецца пушку яшчэ адліць, — справа надзвычай цяжкая пры такіх велізарных размерах гарматы. А потым прыдзецца абтачыць яе знутры і дакладна калібраваць, каб не дапусціць страт газу між снарадам і сценкамі пушкі; толькі тады ўся рухаючая сіла пораху пойдзе на штуршок…