Старонка:З пушкі на Луну.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтым разам абышліся без прадмоў і патэтычных прамоў.

— Дарагія таварышы, — сказаў Барбікен, — сёння нам прадстаіць вырашыць пытанне аб пушцы: вызначыць яе форму, даўжыню, вагу і матэрыял. Размеры яе акажуцца, напэўна, каласальнымі, але я спадзяюся, што наша амерыканская тэхніка справіцца з усімі цяжкасцямі. Выслухайце-ж мяне і не будзьце скупымі на самыя моцныя супярэчнасці. Я дакладна абдумаў пытанне і супярэчанняў не баюся.

Нешта падобнае на ўхвальнае рыканне вырвалася з вуснаў асобных членаў камітэта ў адказ на рашучую заяву Барбікена.

— Успомнім, сябры, — гаварыў далей Барбікен, — на чым мы ўчора спыніліся. Пытанне цяпер стаіць такім чынам: патрэбна даць першапачатковую скорасць 11 000 метраў у секунду бомбе з трохметровым дыяметрам і дзевяцітоннай вагой.

— Сапраўды, задача такая, — пацвердзіў маёр Эльфістон.

— Працягваю, — пачаў зноў Барбікен. — Ядро, пушчанае ў прастору, падпадзе пад уплыў трох незалежных адна ад адной сіл: 1) штуршка, які прывёў снарад у рух, 2) прыцяжэння Зямлі і 3) супраціўлення масы. Разбярэм гэтыя ўплывы. Супраціўленне масы, г. зн. паветра, амаль не акажа дзеяння. Сапраўды, вышыня колькі-небудзь шчыльнай часткі атмасферы не перавышае 60–70 кілометраў. Пры скорасці ў 11 000 метраў снарад праляціць яе за 6 секунд, і за такі кароткі адрэзак часу можна не браць пад увагу супраціўленне масы. Пяройдзем цяпер да прыцяжэння Зямлі, г. зн. да вагі снарада, — казаў далей Барбікен. — Мы ведаем, што гэтая вага будзе бесперапынна