Старонка:З пушкі на Луну.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не можа быць! — усклікнуў генерал.

— Урэшце, са слоў аднаго французскага гісторыка, пры Людовіку ХІ у Парыжы была мартыра, якая кідала ядры вагой усяго ў 500 фунтаў, але гэтыя ядры выляталі з Бастыліі, куды дурныя людзі саджалі разумных, і даляталі да Шарантона, куды людзі з розумам саджалі вар’ятаў.

— Надзвычайна! — рашыў Мастон.

— Што-ж мы бачым з таго часу? — казаў далей Барбікен. — Пушкі Армстронга кідаюць ядры толькі 500-фунтовыя, а велізарнейшыя калумбіяды Родмэна — поўтонныя снарады. Выходзіць, што павялічылася дальнасць палёту снарадаў, а вага іх паменшылася. Мы-ж павінны пайсці па другому шляху і выкарыстаць поспехі навукі, каб, прынамсі, падзесяцярыць вагу ядраў Магамета ІІ і мальтыйскіх рыцараў.

— Згодзен, — адказаў маёр. — Які-ж вы мяркуеце ўзяць метал?

— Я думаю, звычайны чыгун, — сказаў генерал Морган.

— Чыгун! Фу!.. — усклікнуў Мастон пагардліва. — Гэта занадта вульгарна для снарада, накіроўваемага на Луну.

— Не будзем вельмі вымагальны, мой шаноўны сябра, — адказаў Морган. — Добры для Луны і чыгун!

— Але дазвольце, — зноў засупярэчыў маёр Эльфістон. — Вага прапарцыянальна аб’ёму; значыцца, пры трох метрах снарад будзе вельмі многа важыць.

— Так, калі ён будзе суцэльна літы, — адказаў Барбікен, — і не, калі будзе дуты.

— Дуты! Значыцца, гэта будзе бомба.