Старонка:З пушкі на Луну.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Калумбіяда Родмэна, пры выпрабаванні ў форце Гамільтон, паблізу Н’ю-Йорка, выстраліла ядром вагой у поўтоны на адлегласць да 10 кілометраў, з пачатковай скорасцю 730 метраў — рэзультат, якога ні разу не маглі дасягнуць Армстронг і Палізер у Англіі.

— Ну, і англічане-ж гэтыя!.. — усклікнуў Мастон, грозна памахаўшы к усходу, у бок Англіі, сваім жалезным кручком.

— Такім чынам, — запытаў Барбікен, — гэтыя 730 метраў — найбольшая першапачатковая скорасць, дасягнутая пушачным снарадам?

— Так, — адказаў генерал.

— Я, аднак, заўважу, — засупярэчыў Мастон, — што калі-б мая мартыра не разарвалася…

— Але яна разарвалася… — перабіў Барбікен з дабрадушным жэстам. — Таму за выходны пункт прымем гэту невялікую першапачатковую скорасць у 730 метраў. Патрэбна павялічыць яе роўна ў 15 разоў. Адкладаючы да другога паседжання абмеркаванне спосабаў, якімі можна дасягнуць патрэбнай скорасці, зоймемся размерамі, якія трэба даць ядру адпаведна такой скорасці. Ясна, што тут размова ідзе ўжо не аб ядры ў поўтоны.

— А чаму не? — запытаў маёр.

— Таму што гэта ядро, — хутка перабіў Мастон, — павінна мець вельмі вялікія размеры, інакш на яго не звернуць увагі жыхары Луны… калі толькі яны існуюць.

— Вядома, — сказаў Барбікен, — але ёсць яшчэ больш важная прычына.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — запытаў маёр.

— А тое, што мала стрэліць у Луну і спыніць усякія іншыя клопаты. Трэба яшчэ сачыць за па-