Старонка:З пушкі на Луну.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да самай граніцы сонечнай сістэмы[1], за трыста шэсцьдзесят гадоў. Вось што магло-б зрабіць наша маленькае ядро — стварэнне нашых рук!.. Што-ж будзе, калі мы створым скорасць большую яшчэ ў дваццаць разоў? Скорасць у восем кілометраў у секунду! Ах, цудоўнае ядро, дзіўны снарад! Я бачу, як ты ляціш! Я пераконаны, што там… на Луне цябе сустрэнуць з тымі пашанамі, якія… абавязаны аказаць пасланцу Зямлі!

І Мастон, усхваляваны, сеў у крэсла. Канец яго прамовы выклікаў галоснае «ура» і сардэчныя віншаванні членаў камітэта.

— А цяпер, — сказаў Барбікен, — аддаўшы шчодрую даніну паэзіі, пяройдзем да справы.

— Мы гатовы, — адказалі члены камітэта, умінаючы бутэрброды.

— Вы ведаеце асноўнае заданне, — гаварыў далей старшыня: — патрэбна надаць снараду першапачатковую скорасць у 11 000 метраў у секунду. Я лічу, што гэта ўдасца. Зараз, аднак, трэба ўспомніць, якія скорасці былі ўжо дасягнуты практычна. Я думаю, што генерал Морган не адмовіцца паведаміць цікавячыя нас даныя.

— Гэта мне няцяжка, — казаў генерал. — У час вайны я быў членам камісіі доследнай стральбы. Магу перш за ўсё сказаць, што пушкі Дальгрэна стралялі на адлегласць да 5 кілометраў з пачатковай скорасцю ў 455 метраў стофунтовымі ядрамі.

— Добра. А калумбіяда[2] Родмэна? — запытаў Барбікен.

  1. У той час Нептун лічыўся крайняй планетай сонечнай сістэмы. Цяпер вядома больш далёкая планета — Плутон.
  2. Калумбіядамі называліся вялікія чыгунныя пушкі, самыя магутныя артылерыйскія гарматы таго часу.