Старонка:З пушкі на Луну.pdf/439

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

IV. Сучасныя праекты міжпланетнага лятання

Як у нашы дні адказвае навука на тыя пытанні, якія ставіць Жуль Верн на апошняй старонцы свайго рамана:

«Ці ёсць магчымасць наладзіць калі-небудзь рэтулярныя зносіны з Луной? Ці магчымы пералёт з планеты на планету, — з Юпітэра на Меркурый, з зоркі на зорку? Які спосаб перасоўвання дасць магчымасць наведаць усе гэтыя свяцілы?»

У той час, калі быў напісаны раман, больш поўвека назад, нельга было даць ніякага адказу на гэтыя пытанні. Але ў нашы дні справа абстаіць інакш. Праўда, сучасная тэхніка яшчэ не ў сілах ажыццявіць міжпланетны пералёт, але шлях да вырашэння гэтай прывабнай задачы ўжо знойдзены. У сучасны момант можна ўпэўнена сказаць, што «рэгулярныя зносіны з Луной» безумоўна стануць калі-небудзь магчымымі; сродак, з дапамогаю якога гэта будзе дасягнута, нам таксама вядомы.

Апарат, які перанясе калі-небудзь людзей з Зямлі на Луну, — не пушка, а ракета велічэзных размераў, належным чынам абсталяваная для гэтай мэты. Асаблівасць руху ракеты, якая адрознівае яго ад палёту пушачнага ядра, заключаецца перш за ўсё ў тым, што найвышэйшая скорасць дасягаецца ракетай не адразу, не ў сотыя долі секунды, а расцягваецца на значна большы прамежак часу. З прычыны непараўнальна большай плаўнасці нарастання скорасці «паскарэнне» ракеты намнога меншае, чым «паскарэнне» гарматнага снарада, і гэтым адхіляюцца згубныя вынікі страсення пры адпраўленні пасажыраў у дарогу. Другая каштоўная асаблівасць ракеты — тая, што