Старонка:З пушкі на Луну.pdf/426

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Героі свята ляцелі з горада ў горад, сустракаючы на сваім шляху за банкетнымі сталамі ўсё насельніцтва, якое вітала іх усялякімі выказваннямі спачування і надзвычайнай радасці.

Такім чынам яны праехалі па ўсходу Саюза, цераз Пенсільванію, Канектыкут, Масачузетс, Вермон, Мен і Новы Брауншвейг; праляцелі па поўначы і захаду праз Н’ю-Йорк, Огайо, Мічыган і Вісконсін; праімчаліся на поўдзень цераз Ілінойс, Місуры, Арканзас, Техас і Луізіяну; пабывалі на паўднёвым усходзе, цераз Алабаму і Фларыду, цераз Георгію і абедзве Караліны; зноў падняліся ўверх і цераз Тенесі, Кентукі, Віргінію, Індыяну, потым цераз Вашынгтон вярнуліся ў Балтымору.

Цэлых чатыры дні Злучаныя Штаты, можна сказаць, віталі іх бесперапынным «ура».

Апафеоз быў варты герояў. Каб жылі яны ў даўнейшыя часы, міфы пэўна ўключылі-б іх у лік багоў.

Які практычны рэзультат дала гэта спроба падарожжа на Луну? Ці ёсць магчымасць наладзіць калі-небудзь рэгулярныя зносіны з Луной? Ці будзе асобы род навігацыі для зносін з сонечным светам? Ці магчымы пералёт з планеты на планету, — з Юпітэра на Меркурый, з зоркі на зорку, з Палярнай на Сірыус? Які спосаб перасоўвання дасць магчымасць наведаць усе свяцілы, якімі багата неба?

Адказваць на такія пытанні цяжка, але, прымаючы пад увагу адважную вынаходлівасць і прадпрыймальнасць англа-саксонскай расы, ніхто не здзівіцца, калі амерыканцы паспрабуюць атрымаць карысць са спробы Барбікена. Праз некаторы час пасля звароту падарожнікаў з Луны з’явіліся